IX Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся: спадчына, якая жыве»

15 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна адбыўся IX Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» – маштабнае свята, якое аб’яднала носьбітаў традыцыйнай культуры, народных майстроў, фальклорныя калектывы і шматлікіх гасцей. Фестываль стаў яркай падзеяй культурнага жыцця Беларусі і прадэманстраваў багатую і самабытную спадчыну Палескага краю.

Значны ўклад у арганізацыю і правядзенне фестывальнай праграмы ўнесла ўстанова «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці», якая выступіла суарганізатарам чатырох маштабных фестывальных лакацый: «Хлеб майго Палесся», фальклорнай пляцоўкі «Палесся напевы – у жаночым сэрцы», выставы-кірмашу майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Рамесная слабада» і тэматычных подворкаў Гомельскай і Брэсцкай вобласцей «Сэрца Палесся ў жаночых далонях». Гомельскае Палессе прадставілі Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Хойніцкі, Лельчыцкі, Ельскі, Нараўлянскі і Мазырскі раёны. Брэсцкае Палессе было прадстаўлена Іванаўскім, Столінскім, Лунінецкім, Пінскім раёнамі і горадам Пінскам.

Неад’емнай часткай «Кліча Палесся» стала выстава-кірмаш «Рамесная слабада», дзе сваё майстэрства прадэманстравалі народныя майстры з розных рэгіёнаў Беларусі. Экспазіцыя прадставіла шырокую панараму традыцыйных рамёстваў і мастацкіх практык. Сярод прадстаўленых работ былі вырабы з саломы майстроў з Пінска – Ярмальчук Т.У., Столінскага раёна – Гунько С.Р. і Рэчыцкага раёна – Быкоўскай Ю.А.; ткацтва і вышыўка майстроў Лунінецкага раёна – Кацуба А.І. і Шкут Т.А., а таксама Пінскага раёна – Касцюк Т.А.

Майстэрства ручнога ткацтва ў тэхніцы габелена прадэманстравала Дзікан Г.А. з Мазырскага раёна. Этнаграфічную ляльку ў нацыянальным касцюме прадставіла Пераходзька В.А. са Столінскага раёна. Унікальную тэхніку спіральнага пляцення з сасновага кораня прадэманстравала Нікіціна К.А. з Ельскага раёна. Традыцыі разьбы па дрэве прадставілі майстры Добрушскага раёна Мінкоў В.Л. і Мінкоў Р.В., а таксама Швец Л.І. з Жыткавіцкага раёна. Сакрэты каробапляцення захоўвае Лельчыцкі раён – Івашкевіч В.У. і Івашкевіч Н.А. Пляценне лапцей прадэманстраваў Гарбачоў С.І. з Буда-Кашалёўскага раёна. Сваімі вырабамі парадавалі гасцей майстар ганчарства Шэлест С.Ю. з Пінска, майстар валяння з воўны Корзун Г.Ф., майстар чаканкі манет Прысяжнюк Р.Б. з Гомеля, а таксама майстар пляцення снасцяў Ляпешка І.Г. з Пінскага раёна. Асаблівым момантам выставы стала дэманстрацыя пераемнасці рамеснай традыцыі. Майстар разьбы па дрэве Мельнічэнка Міхаіл Мікалаевіч разам са сваімі вучнямі Арцёмам Макарэвічам і Макарам Рагалевічам паказаў, як майстэрства, вопыт і веды старэйшага пакалення перадаюцца моладзі. Такія прыклады наглядна сведчаць пра тое, што народныя рамёствы не толькі захоўваюцца, але і атрымліваюць працяг у творчасці наступных пакаленняў.

Падчас фестывалю на пляцоўках пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Народныя майстры пазнаёмілі яго са сваімі рамёствамі, прадэманстравалі тэхнікі выканання вырабаў, расказалі пра сакрэты майстэрства і традыцыі, атрыманыя ў спадчыну ад продкаў.

Асобная ўвага была нададзена лакацыі «Хлеб майго Палесся», якая стала своеасаблівым сімвалам гасціннасці, працавітасці і сувязі пакаленняў. Тут можна было не толькі ўбачыць разнастайныя хлебабулачныя вырабы, але і даведацца пра мясцовыя традыцыі хлебапячэння, рэцэпты і абрады, звязаныя з хлебам. Майстры хлебапячэння з Чачэрскага раёна Нікішова І.М. і Іванаўскага раёна Кульбеда В.Г. прадставілі Аляксандру Рыгоравічу традыцыйныя хлебабулачныя вырабы сваіх рэгіёнаў. Лакацыя «Хлеб майго Палесся» раскрыла адну з найважнейшых тэм традыцыйнай культуры – хлеб як сімвал жыцця, дабрабыту, сям’і і роднай зямлі.

Асаблівае месца ў праграме фестывалю заняла фальклорная пляцоўка «Палесся напевы – у жаночым сэрцы». Яна сабрала аматарскія калектывы з розных куткоў Беларускага Палесся, якія прадэманстравалі самабытнасць песеннай, танцавальнай і інструментальнай традыцыі. Са сцэны гучалі аўтэнтычныя песні, мелодыі і карагоды, што захоўваюцца і перадаюцца ад пакалення да пакалення. Народны ансамбль рускай песні «Тросняночка» МБУК «Жукоўскі культурна-дасугавы цэнтр» стаў яркім удзельнікам святочнай праграмы. Выступленне калектыву дапоўніла палітру фестывальнага фальклору і прадэманстравала багацце і разнастайнасць песенных традыцый, якія захоўваюцца і развіваюцца ў культурнай прасторы Палесся і сумежных рэгіёнаў. Тэматыка пляцоўкі набыла асаблівую значнасць у Год жанчыны. Яна стала творчым прысвячэннем жанчыне – беражлівай захавальніцы сямейных традыцый, моцнай, пяшчотнай і мудрай носьбітцы духоўнай спадчыны. «Палесся напевы – у жаночым сэрцы» стала адным з самых лірычных і кранальных акцэнтаў фестывалю, напоўніўшы яго праграму шчырымі і душэўнымі матывамі.

IX Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» яшчэ раз пацвердзіў, што народная культура – гэта жывая спадчына, якая захоўваецца дзякуючы штодзённай працы яе носьбітаў. Песні, танцы, рамёствы, традыцыйныя касцюмы і сакрэты хлебапячэння злучаюць мінулае і сучаснасць, дапамагаюць захоўваць нацыянальную памяць і перадаваць яе наступным пакаленням.

Фестываль прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні, стаўшы сапраўдным святам традыцыйнай культуры, творчасці і майстэрства. «Кліч Палесся» аб’яднаў людзей, для якіх захаванне духоўнай і матэрыяльнай спадчыны з’яўляецца важнай часткай жыцця, і ў чарговы раз прадэманстраваў непаўторную культурную самабытнасць Палесся.

Фота: Пакаместова Д.С.

Інтэрнет сродкі:

Участие в церемонии торжественного открытия международного фестиваля этнокультурных традиций «Зов Полесья»

Лукашенко: фестиваль «Зов Полесья» дает повод всем славянам собраться на общей исторической родине