КАЗЛОЎСКІ Валерый Пятровіч
Разьба па дрэве, г. Гомель
КАЗЛОЎСКІ Валерый Пятровіч
1956 г.н.
г. Гомель
Нарадзіўся ў г. Дуброўна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута настаўнічае ў сярэдняй школе № 19 г. Гомеля з архітэктурна-мастацкім накірункам. Валерый Пятровіч працуе з рознымі матэрыяламі: дрэвам, гранітам, мармурам, і яго тэхніка за шматгадовую творчую дзейнасць выявіла характэрную аўтарскую непаўторную асаблівасць. Ствараецца ўражанне, што скульптар мінімальна ўрываецца ў зыходны масіў матэрыялу, выдаляючы ўсё залішняе і даводзячы ўзніклы вобраз да максімальнай выразнасці, цэласнасці і прастаты. Яго вобразы лаканічныя, напоўненыя, зразумелыя, пераканаўчыя і блізкія па сваёй сутнасці гледачу, бо адлюстроўваюць розныя грані філасофіі жыцця. У кожным творы прысутнічае думка сузіральніка, філосафа. Таму працы мастака арганічна ўпісаліся ў гарадское і паркавае асяроддзе многіх гарадоў Беларусі і Польшчы. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уручыла скульптару асобнік рэдкага выдання – «Сучасная беларуская скульптура 1984-2004 гадоў», куды ўвайшла скульптура «Дзяўчына з абручом». З 2008 года праца «Крыж па жыцці», набытая Міністэрствам культуры Беларусі, знаходзіцца ў музеі Янкі Купалы ў горадзе Мінску. Як мастак Валерый Пятровіч валодае тэхнікай іканапісу, якой навучаў у нядзельнай гімназіі пры царкве «Усіх смуткуючых Радасць». Ім створаны абраз Іверскай Божай Маці ва ўнікальнай тэхніцы з бяросты. Чын асвятлення ажыццяўляўся ў храме з аднайменнай назвай. За прапаганду беларускага мастацтва і творчую працу Валерый Пятровіч узнагароджаны шматлікімі рэспубліканскімі і міжнароднымі граматамі і дыпломамі. Ён пастаянны ўдзельнік гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выстаў, рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў. З 2003 г. член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
Тэкст: Тамара Самойленка