РАСОЛАЎ Віктар Аляксеевіч

Разьба па дрэве, г. Гомель

РАСОЛАЎ Віктар Аляксеевіч

1956 г.н.

г. Гомель

Віктар Расолаў нарадзіўсяў п. Маладзёжны Какчатаўскай вобласці ў Казахстане, куды бацькі паехалі асвойваць цаліну. У 1976 годзе скончыў Гомельскі політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці «тэхналогія лесанарыхтовак». Пасля службы ў войску працаваў мастаком-афарміцелем на прадпрыемствах горада Гомеля. З 1996 года працуе майстрам вытворчага навучання разьбы па дрэве ў Гомельскім каледжы народных мастацкіх промыслаў і перадае веды майстэрства сваім шматлікім вучням. Разьбой па дрэве пачаў захапляцца з 1992 года. І паступова стаў вядомы як майстар-лыжкар. Яго лыжкі, чарпакі, каўшы, розныя ладдзі маюць сваю самабытную і непаўторную пластыку формы. Яны лёгкія, зграбныя, з прыгожым сілуэтам. Паступова Віктар Аляксеевіч стаў асвойваць і іншыя тэхнікі і віды разьбы па дрэве. У тэхніцы рэльефнай разьбы неаднаразова выконваў абразы «Замілаванне» і «Спас нерукатворны». А ў тэхніцы драўлянай скульптуры створаны шмат вобразаў славянскай міфалогіі, персанажаў беларускіх казак, лясных жывёл і птушак, якія зараз упрыгожваюць гарадское і сельскае паркавае асяроддзе розных куткоў Беларусі і Расіі. Творы разьбяра адрозніваюцца своеасаблівай пластыкай і вытанчанасцю. Апошнім часам Віктар Аляксеевіч стаў актыўна выкарыстоўваць прыродныя формы і нават заганы драўніны пры стварэнні ўнікальных форм вырабаў. Майстар абыгрывае сучкі, касаслойнасць і іншыя заганы, дазваляе ім быць – нібы форму падпарадкоўвае прыродзе драўніны З недахопу атрымліваюцца своеасаблівыя шэдэўры – непаўторныя лыжкі, каўшы, сухарніцы. Сама прырода падказвае майстру ў яго творчым пошуку. Віктар Аляксеевіч – актыўны ўдзельнік самых розных святаў, конкурсаў, фестываляў і пленэраў. У 2011 г. прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Тэкст: Тамара Самойленка