Абрад «Ваджэнне Сулы» на другі дзень Вялікадня
(в. Гадзічава, в. Маркавічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці)
Абрад «Ваджэнне Сулы» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе. Гэта адметнае праяўленне веснавой абраднасці Ваджэння і пахавання Стралы (ці Сулы), характэрнай для тэрыторыі Гомельшчыны, Браншчыны (Расія) і Чарнігаўшчыны (Украіна). Праводзяць Сулу для добрага ўраджаю, моцнага здароўя ўсіх мясцовых жыхароў і каб засцерагчыся ад прыроднай стыхіі – маланкі. Сула аб’ядноўвае дзве суседнія вёскі – Гадзічава і Маркавічы. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, абрадавыя дзеі выконваюць жанчыны і дзяўчаты, апранутыя ў прыгожыя самаробныя строі. Слова «Сула», як кажуць вяскоўцы, – гэта і сам абрад, і ўсе яго ўдзельнікі.
Штогадовае ваджэнне Сулы ў Гадзічаве і Маркавічах было перапынена ў 1967 годзе мясцовай уладай. Праз 40 год, у 2007 годзе, абрад аднавілі мясцовыя энтузіясты пры падтрымцы настаўнікаў і кіраўнікоў Маркавіцкага дзіцячага садка – сярэдняй школы.
Водзяць Сулу на другі дзень Вялікадня, распачынаючы ёю моладзевыя гулянні на вуліцы. Пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у Свята-Кацярынінскай царкве ў вёсцы Гадзічава, жанчыны і дзяўчаты ідуць у жытнёвае поле і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды – «танкі́». Гэта колавы «Як на нашай вуліцы шырокая возера», змейкай («крывы») «А ў крывога танка, да не выведу канца»), карагоды-гульні «Чарнабрывы каралёк» і «Падшыбну кабыліцу», падчас якога падкідваюць угору маленькіх дзяўчатак з воклічамі «Вялікае расці!», «Здаровае расці!». Узяўшыся пад рукі, шэрагамі, у лінейным карагодзе, ідуць з песняй «Як ішла Сула» і з прыпеўкамі пад гармонік да Маркавіч, уздоўж старога Кацярынінскага шляху. Удзельнікі Сулы абыходзяць Маркавічы, водзяць «танкі́» на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія ім трапляюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаюць абрадавымі спевамі, гульнёй «Гарэпня» (мясцовая назва гульні «Ручаёк», ці «Вароты») і прыпеўкамі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ахвотныя. Завяршаецца абрадавае свята сумесным частаваннем традыцыйнымі велікоднымі стравамі і гуляннем.
Абрад «Ваджэнне Сулы» на другі дзень Вялікадня
«Вождение Сулы»: обновленный традиционный обряд провели в 15-й раз