КАЎРУС Юлія Віктараўна
Выцінанка, в. Канатоп, Нараўлянскі р-н
КАЎРУС Юлія Віктараўна
1980 г.н.
в. Канатоп Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці
Нарадзілася ў Маладзечне, вучылася ў дзіцячай школе мастацтваў, скончыла аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага вучылішча, затым – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працавала кіраўніком гуртка ў Маладзечанскім раённым цэнтры рамёстваў, з 2010 г. – дырэктар Нараўлянскага раённага цэнтра рамёстваў на Гомельшчыне. Юлія Каўрус – прадстаўніца маладзечанскай «школы» выцінанкі. Яе настаўніцай была заснавальніца гэтай школы, вядомая майстрыха Вікторыя Чарвонцава, якая і вызначыла творчы лёс Юліі Віктараўны. Так, настаўніца прывіла ёй любоў да арыгінальнага віду мастацкай творчасці, а таксама да гісторыі і культуры Беларусі, яе міфалогіі, святаў, абрадаў, архітэктурнай спадчыны. Гэтая тэматыка ў па сённяшні дзень з’яўляецца асноўнай у творчасці Юліі Каўрус. Творчая стылістыка майстрыхі – яркая ілюстрацыя стылістычнага напрамку, характэрнага для прадстаўнікоў маладзечанскай «школы» выцінанкі. Насычаная кампазіцыя, выдатная стылізацыя, лаканічны, адточаны, вывераны штрых надаюць выцінанкам майстрыхі вартасці высокамастацкіх твораў станковага характару, цалкам сучасных па гучанні і стылістыцы вырашэння. Юлія Віктараўна – удзельнік, дыпламант, прызёр раённых, абласных, рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў, фестываляў. У 2010 г. прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Тэкст: Яўген Сахута