Абласны адборачны тур Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
Фестываль нацыянальных культур – гэта ўнікальная магчымасць назіраць сучаснае сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць, вучацца ў Беларусі; магчымасць падвядзення вынікаў іх уласнай творчай дзейнасці. Для гледачоў фестываль – гэта адметная сустрэча з культурай іншых народаў, якая нараджае ў сэрцы кожнага грамадзяніна нашай дзяржавы пачуццё асабістай значнасці і запатрабаванасці. Дадзенае мерапрыемства садзейнічае рэалізацыі нацыянальна-культурных правоў, якія маюць вялікае значэнне для захавання міжнацыянальнай згоды і сацыяльнай стабільнасці ў Беларусі. Этнаграфічнай асаблівасцю гэтага фестывалю з’яўляецца яго этапнасць: кожны раз яго арганізоўваюць і праводзяць на працягу двух гадоў. Спачатку адборачныя туры праходзяць у раёнах, затым – у абласцях рэспублікі і, нарэшце, заключныя мерапрыемствы ў сталіцы свята – горадзе Гродна. Абласны адборачны тур Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур праводзіцца з 1993 года, 1 раз у два гады. Мерапрыемства мае мэтай яднанне народа Рэспублікі Беларусь, развіццё міжнацыянальнага сяброўства, адраджэнне культурных традыцый нацыянальных супольнасцей, прадстаўнікі якіх пражываюць на Гомельшчыне. У розныя гады ў мерапрыемствах адборачнага тура прымалі ўдзел да 15 нацыянальных супольнасцей (каля 200 удзельнікаў), якія прадстаўлялі 21 раён вобласці і г. Гомель. Па выніках абласнога тура фестывалю рэспубліканскае журы ажыццяўляе адбор калектываў і выканаўцаў для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Кожны з чарговых фэстываляў мае свой непаўторны каларыт і асаблівасці, адрозніваецца ад папярэдніх.