Абласны конкурс выканаўцаў народных побытавых танцаў «Вытокі»
Народны танец – адзін са старажытных і багатых відаў мастацтва, з’яўляецца родапачынальнікам усіх напрамкаў танца, якія фармаваліся на працягу многіх стагоддзяў на яго аснове – гэта і класічны, і гісторыка-бытавы, і эстрадны, і сучасны танец.
З мэтай аднаўлення, пераемнасці і папулярызацыі народных танцавальных традыцый Бацькаўшчыны, прыцягнення ўвагі грамадкасці да праблем народнай мастацкай культуры, далучэння да мясцовых традыцый, шырокага кола дзяцей, падлеткаў, моладзі, практычнага засваення імі танцавальнага фальклору на Гомельшчыне з 1999 года праводзіцца абласны конкурс танцавальных пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў «Вытокі».
Абласны конкурс праводзіць установа «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.
У конкурсе прымаюць удзел дзеці, падлеткі, рабочая моладзь, работнікі культуры, носьбіты танцавальнага фальклору. Такое прадстаўніцтва садзейнічае пераемнасці ўзораў сапраўднай народнай манеры выканання, выразнасці і высакароднасці пластычных рухаў, традыцыйнага танцавальнага стылю. Агульная колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю конкурсу – каля 900 танцавальных пар.