САМОЙЛЕНКА Тамара Аляксандраўна

Лозапляценне, г. Гомель

САМОЙЛЕНКА Тамара Аляксандраўна

1955 г.н.

г. Гомель

Тамара Самойленка – адна з вядомых і таленавітых майстроў горада Гомеля. Лозапляценне ўжо на працягу многіх гадоў з’яўляецца асноўным напрамкам яе творчай дзейнасці. Тэхнічныя і мастацкія ўласцівасці гэтага прыроднага матэрыялу майстрыха вывучала з дапамогай спецыяльнай літаратуры. Аднак не без генетычнай схільнасці, бо дзядуля яе плёў кошыкі ў вольны час. За многія гады ў Тамары Аляксандраўны склаўся індывідуальны стыль. Талент, працаздольнасць і мэтанакіраванасць дапамаглі дасягнуць высокіх вынікаў, стаць сапраўдным майстрам. Дасканалае адчуванне матэрыялу, беззаганная тэхніка выканання, дакладнасць кожнай дэталі, арыгінальныя рашэнні – усё гэта прысутнічае ў кожным яе творы і сведчыць пра высокі мастацкі густ майстра. Акрамя творчай дзейнасці Тамара Аляксандраўна займалася яшчэ і педагагічнай – яна 14 год адпрацавала майстрам вытворчага навучання Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў. Праяўляла сябе як таленавіты педагог, свае веды і майстэрства перадавала вучням. Традыцыі з’яўляюцца для майстрыхі і яе выхаванцаў асноваю для творчых пошукаў, стварэння вырабаў, якія могуць знайсці сваё месца ў сучасным побыце, таму вырабы выконваюцца не толькі эстэтычнымі, але і зручнымі, практычнымі для сучаснага побыту. Зараз Тамара Аляксандраўна працуе метадыстам па народных промыслах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Тамара Аляксандраўна – удзельнік, прызёр, лаўрэат шматлікіх выставак, конкурсаў, фестываляў Беларусі, у яе сабрана вялікая калекцыя выставачных вырабаў. Творчыя дасягненні гэтага таленавітага майстра здзіўляюць, прыносяць радасць і захапленне ўсім, хто сутыкаецца з яе талентам.

Тэкст: Ірына Глушэц