Зов Полесья
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся»
Пазнаёміцца з самабытнай культурай і традыцыямі палешукоў – старадаўнімі святамі і абрадамі, песнямі і танцамі, легендамі і паданнямі, майстэрствам рамеснікаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці можна падчас Міжнароднага фестываля этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які праходзіць у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, на тэрыторыі дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Перыядычнасць фестываляў – адзін раз у два гады.
Мэты правядзення фестывалю – захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый Палесся, вывучэнне і падтрымка гісторыка-культурнай спадчыны Палескага рэгіёна, умацаванне творчых сувязей жыхароў Палесся-Беларусі, Расіі, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця культурна-гістарычнага, этнаграфічнага і экалагічнага турызму.
Арганізатары фестывалю: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, ДПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», ААТ«Белаграпрамбанк».
У фестывальных мерапрыемствах прымаюць удзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з 8 раёнаў Гомельскай вобласці (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і 4 раёнаў Брэсцкай вобласці (Лунінецкі, Пінскі, Іванаўскі, Столінскі), калектыў Нацыянальнага парка «Прыпяцкі».
У 2012 годзе II фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» нададзены статус рэспубліканскага; на свята да палешукоў прыехаў Прэзідэнт Республікі Беларусь – Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. З 2014 года фестываль праводзіцца на міжнародным узроўні.
Праграмы фестываляў этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» арыентаваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, якія з’яўляюцца здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі.
У розныя гады гасцямі фестывалю станавіліся прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджана, Балгарыі, Ірана, Кітая, Літвы, Пакістана, Палестыны, Польшчы, Судана, Узбекістана, Украіны.
Праграма фестывалю ўключае самыя разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку навукова-практычныя канферэнцыі, пленэры, выставы, майстар-класы, конкурсы, канцэрты, шоу, палескія кірмашы.
Мерапрыемствы фестывалю нязменна атрымліваюць высокую адзнаку вышэйшых афіцыйных асоб, шматлікіх гасцей з Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа, ствараюць прывабны турыстычны вобраз нашай краіны.
ЗОВ ПОЛЕСЬЯ — 2024