МІНКОЎ Валерый Леанідавіч
Разьба па дрэве, аг. Івакі, Добрушскі р-н
МІНКОЎ Валерый Леанідавіч
1965 г.н.
аг. Крупец Добрушскага раёна Гомельскай вобласці
Валерый Мінкоў нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Яшчэ з шасці гадоў пачаў выразаць маленькія фігуркі з дрэва. Ужо ў школьныя гады, дапамагаючы дзеду і бацьку, навучыўся бондарству, сталярным працам, цяслярскаму майстэрству, асвоіў пячную справу і навучыўся многім неацэнным прафесійным сакрэтам. Пасля вучобы ў Гомельскім ПТВ № 126 народных мастацкіх промыслаў, дзе атрымаў прафесіі «разьбяр па дрэве», «токар па дрэве» і «інкрустатар шпонам», і службы ў войску працаваў сталяром – займаўся вырабам і афармленнем дзіцячых пляцовак г. Гомеля, а потым і ў саўгасе «Івакі» ў Добрушскім раёне. З 2004 года Валерый Леанідавіч працуе ў раённым цэнтры рамёстваў на розных пасадах. Ён дасканала валодае ўсімі відамі мастацкай апрацоўкі дрэва і ўвесь час пашырае свае прафесійныя магчымасці. Зараз вялікую ўвагу надае адраджэнню амаль забытага віду творчасці – бондарству. Дзякуючы валоданню кавальствам, майстар сам вырабляе розныя складаныя інструменты, прыстасаванні і нават сабраў не адзін станок для апрацоўкі драўніны. Валерый Леанідавіч імкнецца да таго, каб яго вырабы былі функцыянальнымі, зручнымі, каб служылі і ўпрыгожвалі побыт адначасова, напэўна таму мочаныя яблычкі з бочак майстра вельмі смачныя. Робіць ён і кухоннае начынне: лыжкі, чарпакі, бочачкі, кубельчыкі з абручамі. Зручныя, практычныя і адначасова дэкаратыўныя, дзякуючы натуральнай прыгажосці структуры драўніны. З апошніх, ні на што не падобных прыдумак майстра – «Сямейны куфаль» – паднос са шклянкамі і ўпрыгожаным птушкай збанам. Вырабы Валерыя Мінкова глядзяцца арганічна і натуральна ў любым інтэр’еры. Майстар шчодра дзеліцца сваім багатым вопытам з вясковай дзетварой, а сын Раман па майстэрству ўжо даганяе свайго бацьку. За час творчай дзейнасці Валерый Леанідавіч неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і граматамі розных раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, святаў і фестываляў, а ў 2013 г. узнагароджаны Грамадскім няўрадавым медалём «За захаванне і развіццё народных здабыткаў і традыцый». У 2011 г. прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Тэкст: Тамара Самойленка