Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна

Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна

(в. Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці)

Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе.

Човен – гэта лодка-аднадрэўка, выдзеўбаная з цэльнага ствала дрэва, найчасцей з дуба. Таксама былі назвы ў залежнасці ад выкарыстанага матэрыялу: з ліпы – ліпаўка, з асіны – асінаўка, з ветлы (вярбы) – вятлоўка.

Традыцыйны човен з дуба цэніцца значна вышэй за лодку, бо мае хуткі ход і бясшумны рух у прыбярэжным зарасніку, доўга служыць без рамонту, яго драўніна ў вадзе становіцца толькі мацнейшай, не баіцца зімовага захавання пад адкрытым небам. У адрозненне ад лодкі не патрабуе моцных высілкаў, калі упраўляць не прыграбаючы моцна, на вадзе не перакуліцца. Аднак лодкі-аднадрэўкі з іншых парод дрэў вельмі хісткія, таму называюцца «душагубкамі».

Да канца ХХ стагоддзя чаўны шырока ўжываліся на Палессі для рыбнай лоўлі, палявання, перавозкі ў бліжэйшыя населеныя пункты грузаў і людзей – да трох дарослых мужчын у адным чоўне. Памеры чаўноў – ад 2,5 да 10 м у даўжыню і ад 1 да 1,5 м у шырыню – у залежнасці ад іх прызначэння і шырыні ракі. На човен выбіраецца дрэва з тоўстым ствалом і моцнай драўнінай, без вялікіх сучкоў і дэфектаў на паверхні, у якое не біла маланка. Вырабляецца човен сякерай (ацярэбліванне дрэва ад кары і абалоні), стругам (струганне), капылом (даўбенне), рубанкам (выроўніванне бакоў). Кіруецца адналопасным вяслом без уключын, з абавязковай папярэчынай на ручцы – «мыліцай».

Выраб чоўна майстры з вёскі Перароў Жыткавіцкага раёна перанялі ад сваіх старэйшых сваякоў і аднавяскоўцаў. Цяпер веды і навыкі па традыцыі вырабу прыпяцкага чоўна могуць атрымаць як жыхары Жыткавіцкага і суседняга Петрыкаўскага раёнаў, так і ўсе зацікаўленыя.

Традиция изготовления припятских челнов получила статус историко-культурной ценности Республики Беларусь (Учреждение «Гомельский областной центр народного творчества»)

Наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны (Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны)

https://living-heritage.by/events/8105/