Историческая справка
Гісторыя ўстановы пачынаецца з красавіка 1939 года, калі ў адпаведнасці з пастановай Савета народных Камісараў БССР у абласцях былі арганізаваны Дамы́ народнай творчасці. За гады існавання арганізацыя перайменоўвалася ў абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культпрасветработы, абласны навукова-метадычны цэнтр культуры, абласны цэнтр народнай творчасці. У цяперашні час − установа «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці». Цэнтр з’яўляецца метадычнай установай, якая забяспечвае падтрымку і развіццё народнай аматарскай творчасці і традыцыйнай рэгіянальнай культуры ў розных іх праявах; садзейнічае ўкараненню ў практыку лепшага вопыту работы, сучасных методык і тэхналогій арганізацыі сацыякультурнай дзейнасці; арганізуе разнастайныя формы павышэння прафесійнага майстэрства культработнікаў і кіраўнікоў аматарскіх калектываў. Цэнтр захоўвае і прымнажае багатыя культурныя традыцыі Гомельшчыны, праводзячы абласныя фестывалі памяці знакамітых землякоў − народнага артыста БССР А.А. Рыбальчанка, Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Т.К. Лапацінай, музычнага дзеяча Г.І. Жыхарава; традыцыйную сустрэчу моладзі прымежных абласцей Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, фестывалі фальклору і рамёстваў, нацыянальных культур і г. д. Брэндамі вобласці з’яўляюцца Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі», Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» і Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод».