Традыцыя пакланення каменным крыжам («Каменныя дзевачкі»)
(в. Данілевічы, в. Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці)
Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна рэкамендавана для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь у 2013 годзе, ахоўны статус атрымала ў 2016 годзе. Яна належыць да так званых аброчных рытуалаў, якія здзяйсняюцца шляхам прынясення аброку сакральным месцам ці аб’ектам, у дадзеным выпадку – каменным крыжам.
Гісторыю гэтых каменных крыжоў расказвае мясцовая легенда, што на працягу доўгага часу перадаецца ад пакалення да пакалення. Раней на месцах, дзе сёння знаходзяцца «каменныя дзевачкі», былі палі, на якіх разам з дарослымі працавалі і дзеці. Адна жанчына са сваёй дачкой-падлеткам Евай (ці Ленай, Марыяй) жала жыта. Раптам на небе з’явілася вялікая чорная хмара. На матчын загад хутчэй збіраць снапы дзяўчынка адказала, што вельмі стамілася. Тады маці ў гневе крыкнула: «А каб ты каменем стала!». У той жа час грымнуў гром і бліснула маланка, а калі неба праяснілася, жанчына ўбачыла, што на тым месцы, дзе была яе дачка, стаіць камень.
Мясцовыя жыхары шануюць гэтыя камяні, турбуюцца пра іх, як пра жывых дзяўчынак, ахоўваюць, прыбіраюць і шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу. У якасці аброку ім аддаюць рушнікі, хусткі, самаробныя фартушкі, упрыгажэнні, кветкі, пачастункі, грошы і г.д. Пакідаючы аброк, людзі просяць у камянёў здароўя, шчасця, дабрабыту для сябе і сваіх блізкіх. Напярэдадні Вялікадня камяні «пераапранаюць»: здымаюць і спальваюць старое «адзенне», пакідаючы мінімум яго на велікодную ноч, а раніцай святочнага дня прыносяць новыя аброкі. Ля камянёў моляцца, спяваюць праваслаўныя псальмы, а таксама, у Баравым, – народныя духоўныя вершы.
Сваім характарам гэтая традыцыя садзейнічае захаванню сакральнасці, ужо практычна страчанай у многіх іншых рытуальных дзеяннях. Цудадзейныя магчымасці «каменных дзевачак» прыцягваюць увагу людзей з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, якія прыязджаюць да крыжоў, каб папрасіць аб самым патаемным.