Абрад гукання вясны «Чырачка»
(аг. Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці)
Абрад гукання вясны «Чырачка» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе. Ён праводзіцца ў Тонежы ў апошні дзень Масленіцы і з’яўляецца адметнай этнічнай рысай жыхароў Тураўшчыны. Лічыцца, што вясну прыносяць на сваіх крылах качкі, таму і назву абрад атрымаў ад дробнай качкі-«чырачкі» («чырка»). Печыва ў форме гэтых птушачак ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на Чарнычовы горы, самае высокае месца ў ваколіцы. Туды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку-«Зіму», пагукаць вясну песнямі-вяснянкамі і заклі́каць чырачку-птушачку. Там жа водзяць карагоды, частуюцца абрадавымі стравамі, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную елачку – сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, таму асноўныя яе ўдзельнікі – маладыя дзяўчаты, якім дапамагаюць жанчыны сярэдняга і сталага веку.
Завадатары абраду – мясцовыя спявачкі з народнага фальклорнага калектыву «Таняжанка» і іх пераемніцы – удзельніцы гурта-спадарожніка «Верас» (філіял «Тонежскі сельскі дом культуры» ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»), падлеткі і моладзь. Абрад «Чырачка» перадаецца вясковымі жыхарамі ад пакалення да пакалення, а таксама праз дзейнасць культработнікаў, якія з дапамогай старэйшых захавальнікаў спадчыны далучаюць да святкавання ўсіх вяскоўцаў і навучаюць дзяцей і моладзь мясцовым культурным традыцыям.
Обряд «Чырачка» в Тонеже | Необычайные деревни
Голоса веков (Документальный фильм 1979)
Тонеж — полесская Хатынь. Специальный репортаж
НАПЕРАД У МІНУЛАЕ. Вёска Тонеж (Лельчыцкі раён) — гурт «Харлі». 2018