Мастацтва выцінанкі Гомельскай вобласці
(г. Гомель, г. Ветка, аг. Азяраны Жыткавіцкага раёна, г. Калінкавічы, г. Нароўля, в. Канатоп Нараўлянскага раёна, г. Рэчыца, г. Светлагорск, г. Чачэрск Гомельскай вобласці)
Мастацтва выцінанкі Гомельскай вобласці ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе. Гэта складовая частка агульна-нацыянальнай намінацыі «Беларускае мастацтва выцінанкі», якая з’яўляецца другім (пасля мастацкіх практык саломапляцення) у нашай краіне прыкладам нематэрыяльнай спадчыны, што ахоплівае ўсе рэгіёны.
Выцінанка («выразанка», «выстрыганка», «выбіванка») уяўляе сабой ажурны ўзор, выразаны з белай ці каляровай паперы. Выцінанкі бываюць геаметрычнымі, расліннымі і нават сюжэтнымі, з выявамі людзей ці жывёл.
Узнікненне выцінанкі на Беларусі звязваецца з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і датуецца прыкладна ХV стагоддзем. Шырокае распаўсюджванне і росквіт выразанне з паперы атрымлівае ў афармленні сялянскага інтэр’еру з сярэдзіны ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Асартымент ажурных вырабаў з паперы складаюць сурвэткі, аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, абразоў, рамак з фотаздымкамі і інш. Звычайна выцінанкамі штогод упрыгожвалі жыллё кожны год да найбольш важных свят – Каляд і Вялікадня. Упрыгожванне вокнаў да навагодніх свят папяровымі сняжынкамі паўсюдна захавалася ў побыце беларусаў да нашых дзён.
Сучасная беларуская выцінанка – вельмі адметная і самастойная мастацкая з’ява. Даследчыкі кажуць аб адраджэнні гэтага віду народнай творчасці ў апошнія два дзесяцігоддзі. Адыход ад практычных і ўтылітарных функцый, набыццё ўласнай мастацкай самакаштоўнасці, імкненне і здольнасць адлюстраваць любую тэму прывялі да іншага стаўлення да выцінанкі. Цяпер гэта аб’ект музейных калекцый, выстаў народнага мастацтва; арыгінальны падарунак і сувенір.
У творчасці сучасных майстроў-выцінаншчыкаў, нягледзячы на разнастайнасць тэм і прыёмаў, прасочваецца сувязь з традыцыяй. Тэматыка твораў рознабаковая – ад адлюстравання побыту, фальклору, міфалогіі, традыцыйных свят і абрадаў, замалёвак народнага жыцця, помнікаў архітэктуры да глыбока філасофскіх сюжэтаў. Кожны чалавек можа займацца выцінанкай, выразаць кветкі, рабіць закладкі ў кніжкі, пано ў інтэр’еры. Гэта дэмакратычны від мастацтва, якім можа займацца любы чалавек, у любым узросце, не абавязкова мець надзвычайныя здольнасці.
Беларускаму мастацтву выцінанкі будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Мастацтва выцінанкі Гомельскай вобласці