Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і спажывання Гомельскай вобласці
( Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нароўлянскі, Рагачоўскі раёны Гомельскай вобласці)
Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і спажывання Гомельскай вобласці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнастецей Рэспублікі Беларусь у 2022 г. згодна з пастановай Міністэрства культуры 14.05.2022 № 27 і ўяўляюць сабой не толькі адлюстраванне народнай традыцыі, але і перспектыўную турыстычную атракцыю, якая спрыяе папулярызацыі лакальных асаблівасцяў населеных пунктаў Гомельскай вобласці.
На сённяшні дзень элемент дакументальна зафіксаваны экспертамі на тэррыторыі 15 раёнаў, 33 населеных пунктаў Гомельскай вобласці.
Самі традыцыйныя стравы з таркаванай сырой бульбы прадстаўляюць сабой комплекс святочных і паўсядзённых страў, сярод якіх дранікі, бульбяная бабка, кішка, калдуны, клёцкі і г.д. Дранікі – беларуская назва бульбяных аладак, якая паходзіць ад слова «драць», што азначае церці, абдзіраць слаямі. Дранікі і бабка сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываецца бульба, але кожны рэгіён валодае сваёй унікальнай гістарычнай традыцыяй гатавання гэтай стравы. Ва ўсіх выпадках сутнасць традыцыйнага рэцэпту простая: чысцім, тром, выпякаем. Просты і набор асноўных прадуктаў: бульба, здор (свіны нутраны тлушч) ці гусіны тлушч, альбо алей, соль. Час прыгатавання – нязначны, кулінарныя навыкі – не абавязковыя. Важна, што бульба патрэбна не маладая, а крухмалістая, якая адляжалася. Гатаваць такія стравы трэба хутка, каб бульба не паспела акісліцца і пацямнець.
Традыцыйна дранікі гатуюць на чыгуннай патэльні – пякуць на адкрытым агні, у добра прагрэтай печы, на прыпечку ці спачатку смажаць на патэльні з абодвух бакоў, а потым запякаюць у чыгунку ў печы. Некаторыя стравы таксама адварваюць. З астылых дранікаў гатуюць іншыя стравы, для якіх, напрыклад, паліваюць дранікі зажаркай з сала і цыбулі, ставяць у чыгунку тушыцца ў печ.
Гарачыя дранікі, бабка падаюцца на стол як самастойныя стравы з маслам ці з халодным малаком і смятанай.
Сёння кулінарныя традыцыі рэгіёна пастаянна прэзентуюцца на разнастайных фестывалях, конкурсах і святах, якія ладзяцца ў Гомельскай вобласці, краіне і за яе межамі.