Культура бортніцтва
Бортніцтва – старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол (баровак) у штучных дуплах – борцях. Развілося з дзікага пчалярства (збіральніцтва), калі чалавек выпадкова, а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і збіраў мёд. Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях. У найбольш архаічным варыянце гэты промысел захаваўся на тэрыторыі Убарцкага Палесся (па поўдні Лельчыцкага раёна на мяжы з Украінай і на поўнач уздоўж ракі Убарць і яе прытокаў), дзе па сённяшні дзень існуе яго перадача з пакалення ў пакаленне. На гэтай тэрыторыі па сённяшні дзень пражывае каля 200 бортнікаў, якія практыкуюць гэты промысел пастаянна.
Культура бортніцтва акумуліруе шырокі пласт навыкаў і практык, датычных толькі гэтага промыслу, бортнікі захоўваюць і выкарыстоўваюць адмысловыя прылады працы (лезіва, пешня, барта), якія служылі яшчэ дзядам-прадзедам, а таксама традыцыйную тэрміналогію. Промысел звязаны з паважлівым стаўленнем да навакольнай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі (бонда, сябрына, талака, замовы), захоўвае своеасаблівае звычаёвае права ўласнасці на бортнае дрэва, адметныя кулінарныя традыцыі, выкарыстанне пчол і прадуктаў пчалярства ў народнай медыцыне.
Сакрэты рамяства традыцыйна перадаюцца ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука або ад вопытнага старога бортніка – да маладога спрытнага і фізічна моцнага сваяка ці ў крайнім выпадку суседа, калі няма каму перадаць навыкі.
У 2017 годзе лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2020 годзе культура бортніцтва Беларусі і Польшчы ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА).
Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці
Інтэрв’ю з кіраўнікамі бортных аб’яднанняў Беларусі і Польшчы
ЛЯСНОЕ БОРТНІЦТВА. Культурная Ініцыятыва БРАТЭРСТВА БОСЫХ БОРТНІКАЎ
Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы атрымала статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва