СТАНІСЛАЎЧЫК Тамара Іванаўна
Ткацтва, г.п. Акцябрскі, Гомельская вобласць
СТАНІСЛАЎЧЫК Тамара Іванаўна
1965 г.н.
г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці
Родам з вёскі Дзягцяныя Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Магілёўскага вучылішча лёгкай прамысловасці, накіравана у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці, дзе зараз працуе майстрам-метадыстам раённага дома рамёстваў. Тамара Іванаўна – майстар па пашыве традыцыйнага адзення і вырабу народнай лялькі Акцябрскага раёна. Разам з калегамі займаецца даследчай справай. З гэтай мэтай праводзяцца фальклорныя экспедыцыі, па выніках якіх распрацаваны буклеты, наглядныя матэрыялы па вырабу традыцыйнага касцюма і лялек. Менавіта жаночыя касцюмы мікрарэгіёнаў Акцябрскага раёна, зробленыя майстрыхай – адна з вяршынь народнага мастацтва. Яны ўрачыста-маляўнічыя і ў той жа час стрыманыя і вытанчаныя. За час працы ў доме рамёстваў рукамі Тамары Іванаўны выкананы шмат калекцый унікальных і непаўторных жаночых і мужчынскіх нацыянальных касцюмаў, у якіх у поўнай меры ўвасоблены мастацкае мысленне, багацце фантазіі, развітасць густу і пачуццё меры. Назапашаны вопыт творчай працы майстрыха імкнецца перадаць сваім шматлікім вучням праз заняткі, майстар-класы, цікавыя па змесце гутаркі. Тамара Іванаўна вядзе актыўную выставачную дзейнасць, прадстаўляе Акцябрскі раён Гомельскай вобласці на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах. У 2013 г. прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Тэкст: Тамара Самойленка