НІКІЦІНА Кацярына Анатольеўна

Саломапляценне, г. Ельск, Ельскі раён.

НІКІЦІНА Кацярынa Анатольеўна

1981 г.н.

г. Ельск, Гомельская вобласць

Нікіціна Кацярына Анатольеўна нарадзілася ў 1981 годзе ў г. Ельску. Падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка яна зацікавілася мастацкімі практыкамі саломапляцення.

Сваю дзейнасць у сферы культуры пачала ў 2005 годзе. З 2011 года працуе ў Ельскім раённым цэнтры рамёстваў, дзе пачынала з пасады малодшага навуковага супрацоўніка; з 2019 па 2024 год займала пасаду дырэктара, а зараз з’яўляецца загадчыкам філіяла «Ельскі раённы цэнтр рамёстваў» ДУК «Ельскі раённы цэнтр арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва і метадычнай работы». У гэты перыяд актыўна ўдасканальвала сваё майстэрства, самастойна асвойвала новыя тэхнікі і напрамкі саломапляцення.

Асновай творчасці майстра з’яўляюцца традыцыі палескіх майстроў, якія яна вывучала падчас экспедыцый па населеных пунктах раёна. Асаблівую ўвагу надае тэхніцы кругавога саломапляцення, у тым ліку з выкарыстаннем саламяных жгутоў, лазовай пераплёткі і сасновага кораня. Даследуючы музейныя фонды і размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, яна аднаўляе і пераасэнсоўвае традыцыйныя формы і прызначэнне вырабаў.

У сваіх працах майстар спалучае традыцыйную манеру выканання з сучасным мастацкім бачаннем. Стварае ўтылітарныя і дэкаратыўныя вырабы, якія адрозніваюцца лёгкасцю, зручнасцю і высокай якасцю. Кожная работа – гэта аўтарскі твор, у якім адлюстроўваюцца індывідуальнасць, дакладнасць і імкненне да эстэтыкі.

На сённяшні дзень Кацярына Анатольеўна з’яўляецца адзіным майстрам у Гомельскай вобласці, які працуе ў тэхніцы кругавога саломапляцення з выкарыстаннем сасновага кораня.

Майстар актыўна займаецца перадачай ведаў і захаваннем традыцый. На базе Ельскага раённага цэнтра рамёстваў яна стварыла аматарскае аб’яднанне «Вытокі», дзе навучае дарослых асновам саломапляцення, папулярызуе традыцыйныя тэхнікі і далучае ўсіх жадаючых да народнай творчасці.