Абласны конкурс сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці»
Менавіта ў сям’і захоўваюцца і развіваюцца самыя розныя традыцыі мастацкай творчасці: пеўчыя, інструментальныя, фальклорныя, драматычныя, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пекарскага майстэрства, аўтэнтычнага нацыянальнага касцюма.
З мэтамі развіцця, папулярызацыі, захавання і пераемнасці нацыянальных сямейных традыцый і абрадаў, прапаганды добрых сямейных адносін, правільнага ўкладу жыцця, цеснай сувязі пакаленняў, іх падтрымкі і стымулявання ў Гомельскай вобласці з 2001 года праходзіць абласны конкурс сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці». Конкурс праводзіцца раз у два гады ў г. Рэчыцы. Арганізатары – галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, установа «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці».
Галоўныя задачы конкурсу: садзейнічаць мэтанакіраванай арыентацыі грамадскай думкі на агульначалавечыя каштоўнасці сям’і, здаровага ладу жыцця; распаўсюджванню новых формаў сямейнага побыту і арганізацыі вольнага часу; павышэнню мастацкага ўзроўню і выканальніцкага майстэрства сямейных калектываў.
У конкурсе прымаюць удзел сямейныя калектывы і калектывы, якія маюць сямейна-роднасныя адносіны. Конкурс праводзіцца па ўсіх відах і жанрах народнага мастацтва, у тым ліку дэкаратыўна-прыкладнога, пекарскага. Сярод намінацый: сцэнічнае мастацтва «Зіхаці талентам, дружная мая сям’я»; сямейнае песеннае мастацтва «Хай льецца песня і прыпеўка»; інструментальнае мастацтва «Музычная скарбонка»; пекарскае ўмельства «Беларускі каравай»; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва «Сям’я – рукатворніца»; беларускі нацыянальны рэгіянальны касцюм.
Свята адкрывае выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жанравая разнастайнасць работ якой магла б прэтэндаваць на вялікі музей сямейнай творчасці: бісерапляценне, макрамэ, вязанне, разьба па дрэве, бондарства, саломапляценне, вышыўка, графіка, жывапіс, беларускі каравай, нацыянальны рэгіянальны касцюм. Ва ўсіх работах прысутнічаюць арыгінальнасць і творчы падыход да такой своеасаблівай самапрэзентацыі. Выстава дае магчымасць пазнаёміцца з самабытнымі сямейнымі традыцыямі і яшчэ раз пераканацца ў тым, наколькі багатая наша зямля ўмельцамі і майстрамі. Канцэртныя выступленні не менш насычаныя і разнастайныя. На сцэне сямейныя калектывы дэманструюць свае вакальныя, інструментальныя і тэатральныя таленты.