САРНАЎСКАЯ Марыя Іванаўна
Ткацтва, г.п. Акцябрскі, Гомельская вобласць
САРНАЎСКАЯ Марыя Іванаўна
1963 г.н.
г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці
Нарадзілася ў г. Ельску Гомельскай вобласці. З малых гадоў назірала за сваімі сёстрамі і бабуляй – як яны шылі, вязалі, вышывалі. Часам у хаце выстаўляліся кросны, і тады бабуля, спрытна перахапляючы човен, ткала ручнікі і дарожкі, а Марыя вучылася асновам ткацкага рамяства, пачуццю рытму, сіметрыі, суразмернасці асобных элементаў і лікавасці ў выкананні арнаменту. Пасля вучобы ў школе абрала спецыяльнасць кандытара і адпрацавала ў агульнай складанасці каля 15 гадоў. Са сваімі кулінарнымі шэдэўрамі займала прызавыя месцы ў конкурсах. У сувязі з аварыяй на ЧАЭС сям’я пераехала ў Акцябрскі раён, дзе Марыя Іванаўна стала працаваць у Акцябрскім доме рамёстваў – тут і спатрэбіліся навыкі ткацкага рамяства. Разам з калегамі займаецца даследчай працай, дзякуючы якой сабраны ўнікальныя матэрыялы і выдадзены наглядныя дапаможнікі, буклеты, фотаальбомы па традыцыйнай тэхніцы ткацтва і пляцення паясоў: «Узорны паясок», «Бабуліных кроснаў узор дзівосны», «Лакальныя асаблівасці тканых перабіранак», «Ручнікі Рудабельскага краю». Створаны калекцыі плеценых паясоў, кожны з якіх мае свой арыгінальны малюнак. Пад кіраўніцтвам майстрыхі яе навучэнцы авалодваюць навыкамі традыцыйнага бранага, чатырохнітовага ткацтва, тканых і плеценых паясоў на дошчачках, ігле, калодачцы, бердзечку. Яна – аўтар і арганізатар раённага конкурсу юных пляцельшчыкаў паясоў «Узорны паясок». Акрамя ткацтва, авалодала навыкамі вышыўкі, саломапляцення, вырабляе сувеніры з гліны. Актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, абласных і раённых выставах, фестывалях, конкурсах. Мае шматлікія падзякі, граматы і дыпломы. Яе вырабы знаходзяцца ў прыватных калекцыях краін блізкага і далёкага замежжа (Англія, Турцыя, Германія, ЗША, Расія, Украіна і г.д). З 2011 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Тэкст: Тамара Самойленка