КАВАЛЁВА Людміла Васільеўна
Ткацтва, в. Неглюбка, Веткаўскі р-н
КАВАЛЁВА Людміла Васільеўна
1961 г.н.
аг. Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці
Нарадзілася ў в. Макрэц Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Рэчыцкае ГПТВ нафтавікоў. Жыве ў Неглюбцы Веткаўскага раёна, у славутым асяродку ткацтва на Гомельскім Падняпроўі. Кіруе гуртком ткацтва для мясцовых дзяцей. Творчасць майстрыхі – цалкам у стылі мясцовых ткацкіх традыцый, хіба толькі больш яркай стала каларыстыка, што выклікана прымяненнем прамысловых нітак. Насычаны чырвоны дэкор (часам з дадаткам іншых колераў) з буйных геаметрычных элементаў шырокімі шляхамі ўкрывае амаль усё белае поле доўгіх ручнікоў, па канцах і баках, у межах арнаментацыі – традыцыйныя мохрыкі з уточных чырвоных нітак. Традыцыі з’яўляюцца для майстрыхі і яе выхаванцаў асноваю для творчых пошукаў, стварэння вырабаў, якія могуць знайсці сваё месца ў сучасным побыце, быць характэрнымі, адметнымі сувенірамі: сурвэткі, торбачкі, пано і інш. Людміла Кавалёва – удзельнік, прызёр, лаўрэат шматлікіх выставак, конкурсаў, фестываляў як у Беларусі, так і за яе межамі. У 2011 г. прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Тэкст: Яўген Сахута