

Раз у два гады Прыпяцкае Палессе падае свой пазнавальны голас, і гэты кліч збірае тысячы гасцей у аграгарадку Ляскавічы, на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». IX Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» 15 жніўня загучыць пад асаблівым знакам: «Палесся напевы – у жаночым сэрцы», а яго лейтматывам стане тэма «Жаночы голас Палесся: спадчына, якая жыве».
Галоўная сцэна фестывалю – фальклорная пляцоўка, дзе выступяць творчыя калектывы з 8 раёнаў Гомельскай вобласці. Побач разгорнецца выстава-кірмаш «Рамясная слабада», дзе сваё майстэрства прадэманструюць усе прадстаўнікі багатай рамеснай традыцыі Гомельшчыны.
Запрашаем усіх акунуцца ў атмасферу сапраўднага палескага свята, пачуць спеў старажытных песень, пабачыць працу майстроў і адчуць душу гэтага ўнікальнага краю. Чакаем вас 15 жніўня ў Ляскавічах!
