
05 чэрвеня, на другі дзень Тройцы, у вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна прайшоў абрад пераносу свячы. Асноўнымі атрыбутамі гэтага маляўнічага абраду з’яўляюцца аздобленыя кветкамі васковая свечка і абраз, якія называюцца «свяча», а таксама вялікі драўляны крыж, што выкарыстоўваецца падчас пахавальных працэсій. Гэтыя прадметы на працягу года захоўваюцца ў адной хаце, а затым пераносяцца ў іншую. Старэйшыя вяскоўцы кажуць, што свяча сваім святым агнём абараняе ад хвароб і гора, спрыяе радасці і дабрабыту ў хаце, дзе знаходзіцца.
Прыняць свячу ў хату – не толькі вялікая пашана, але і пэўныя абавязкі, клопаты. Хата, дзе гарыць цудадзейнае святло, на год становіцца своеасаблівым вясковым храмам. Любы чалавек можа прыйсці сюды, каб памаліцца, папрасіць дапамогі, падтрымкі ў святынь. Сучасныя вяскоўцы, як і іх продкі, шчыра вераць, што агонь свячы аднолькава свеціць для ўсіх, і кажуць, што ён высвечвае дарогу ў Рай.
Фота: Драздова.В.А.



