Як ішла Сула

17 красавіка 2023 года ў вёсках Гадзічава і Маркавічы адбыўся абрад «Ваджэнне Сулы». У 2019 годзе ён атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Слова «сула», па тлумачэннях старажылаў, азначае рух, плынь. Гэтак жа называюць абрад і яго ўдзельнікаў. Водзяць Сулу штогод на другі дзень Вялікадня па праваслаўным календары, каб «усё радзіла і маланка не біла». Традыцыя правядзення ад вёскі Гадзічава да вёскі Маркавічы пайшла ад звычая наведваць на Вялікдзень родных і сваякоў у суседняй вёсцы і віншаваць іх са святам.

Завяршыліся святочныя дзеянні каля сельскага дома культуры віншаваннем носьбіта мясцовых традыцый Віктара Шыпкова з атрыманнем статуса народнага майстра Беларусі. Удзельнікам і гасцям Сулы прапанавалі велікоднае частаванне, а таксама канцэртную праграму мясцовых артыстаў і аматарскіх калектываў.