Абрад гукання вясны “Чырачка” правялі ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна

26 лютага 2023 года ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна адбыўся старажытны абрад “Чырачка”.

Чырачкі – гэта вадаплаўныя птушкі, якіх так чакаюць людзі пасля доўгай зімы. Таму і абрад праводзін зімы і гукання вясны таксама называецца “Чырачка”. Фігуркі птушачак выпякаюць напярэдадні з цеста. А на само свята, якое адбываецца ў апошні дзень Масленічнага тыдня, гэта печыва-“чырачак” дораць усім сустрэчным.

Здаўна на Тураўшчыне, дзе знаходзіцца Тонеж, менавіта на гуканне вясны ўпрыгожваюць елачку. Прыбранае самаробнымі папяровымі кветкамі дрэўца замацоўваюць на высокім дубе, каб хутчэй прыляталі птушкі.

Каб хутчэй прыйшла вясна, са старызны робяць ляльку-“Зіму”, якую падчас абраду спальваюць на вогнішчы.

Усе абрадавыя дзеянні суправаджаюцца выкананнем старажытных веснавых песень, карагодаў і гульняў. Самы эмацыйны момант свята – качанне з гары. Старыя людзі кажуць, што, калі пакачаешся, то ўвесь наступны год не будзе балець спіна.

Захавальнікі абрадавай традыцыі і асноўныя завадатары правядзення “Чырачкі” – удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка” філіяла “Тонежскі сельскі дом культуры” дзяржаўнай установы “Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Удзельнікі калектыву пераймаюць ад старажылаў мясцовыя ўзоры фальклору, з кожным годам пашыраюць свой абрадавы рэпертуар. Каб перадаваць культурную спадчыну моладзі, плённае супрацоўніцтва наладзілі сферы культуры і адукацыі. З суседніх вёсак школьнымі аўтобусамі на свята прывезлі старшакласнікаў, якія жыва ўспрымалі абрадавыя дзеянні і асабліва ўпадабалі традыцыйнае качанне з гары.

Фота: В.А.Драздова

https://www.belta.by/regions/view/oj-chyrachko-oj-ptashechko-kak-v-tonezhe-zimu-provozhali-da-vesnu-zvali-552553-2023/