Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам «Палескія напевы»
(в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці)
Носьбітам мясцовага песеннага стылю выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў вёскі Новае Палессе Лельчыцкага раёна, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2009 годзе, з’яўляецца народны фальклорны калектыў «Палескія напевы» філіяла «Нова-Палескі сельскі клуб» ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».
Традыцыйная народная культура вёскі Новае Палессе належыць басейну рэк Сцвігі і Убарці. Мясцовая песенная культура вылучаецца захаванасцю найбольш старажытнага пласта – абрадавых песень (вясновых, у тым ліку карагодных, а таксама жніўных, вясельных) і песень раннетрадыцыйнай пазаабрадавай лірыкі. Выкананне такіх твораў патрабуе валодання разнастайнымі манерамі і тэхнікамі ў залежнасці ад жанру песні. Найбольш складаным і спецыфічным выканальніцкім стылем, якім валодаюць спявачкі з Новага Палесся, з’яўляецца імправізацыйны, прадстаўлены жніўнымі і раннетрадыцыйнымі лірычнымі песнямі.
Фальклорны калектыў «Палескія напевы» быў створаны ў 2000 годзе з мэтай падтрымаць багаты пласт духоўнай народнай культуры. З 2005 года ён мае ганаровае найменне «народны аматарскі калектыў». Дзейнасць калектыву накіравана на збор, адраджэнне і папулярызацыю мясцовай традыцыйнай спадчыны, яе трансляцыю малодшым пакаленням. Удзельнікі калектыву аднаўляюць каляндарна-земляробчыя і сямейна-абрадавыя святы і звычаі. Гэта Стрэчанне, «Ваджэнне Маі» на Тройцу і «Абракальны рушнік». Касцюмы спявачкі робяць па мясцовых канонах.
Народны фальклорны калектыў «Палескія напевы» выступае з канцэртнымі праграмамі, праводзіць абрады ў Новым Палессі і паказвае іх у суседніх вёсках, прымае актыўны ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Абрад “Вячоркі” (в. Новае Палессе Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). Беларусь 3, 2023
НАПЕРАД У МІНУЛАЕ. Госця – Галіна Грамовіч. Выпуск ад 29.01.2023.
Карагод. Вёска Новае Палессе Лельчыцкага раёна. Беларусь 3. 2019.
Обряд «Стрэчанне» в Новом Полесье | Необычайные деревни. СБ ТВ. 01.03.2019.