

21 мая 2026 года, на шосты тыдзень пасля Вялікадня, на свята Ушэсця Гасподняга, у вёсках Веткаўскага раёна прайшоў абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы».
Нягледзячы на аднолькавую назву, у кожнай вёскі ёсць свае асаблівасці. Спецыялісты ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» наведалі вёску Казацкія Балсуны і аграгарадок Неглюбка.
У Казацкіх Балсунах жанчыны апраналі святочную вопратку і збіраліся ў цэнтры вёскі, каб пачаць хараводы. Потым яны дзяліліся на шарэнгі і, узяўшыся пад рукі, з абрадавымі песнямі накіроўваліся ў канец вёскі да жытняга поля.
Там вясковыя жанчыны рассаджвалі дзяцей у тры групы. Паміж гэтымі групамі яны пачыналі вадзіць «крывы танок» – карагод, які рухаецца змяёй і сімвалізуе вясеннія ручаі, раку і хуткаплыннасць жыцця. Лічылася, што крывыя лініі заблытваюць дарогу нячыстай сіле і маланцы да вёскі. Потым з воклічам «Чыя каша падгарэла?» удзельніцы «крывога танка» бралі дзяцей на рукі, падкідвалі іх угору (што абяцае высокі ўраджай), а затым няслі куляць у жыта. Жанчыны бегалі і валяліся па жыце, каб не хварэць, а таксама зрывалі тры каласы, дадавалі гузікі і манеты – і закопвалі гэта ў полі. З гэтага часу вясна лічылася скончанай, таму ў вёску вярталіся ўжо з летнімі песнямі.
У Неглюбцы на поле жанчыны ішлі ў суправаджэнні ражаных (у розных вёсках гэта розныя персанажы: «дзед» і «баба», «старац» і «старчыха», «пан» і «паненка», «кавалер» і «барышня»). Апошні раз з вясновымі песнямі і карагодамі, якія структурна нагадваюць найстаражытнейшыя арнаментальныя знакі, яны праходзілі па вуліцах вёскі, выходзілі ў жытняе поле і закопвалі ў зямлю брошкі, завушніцы, манеткі і іншае – усё тое, што сваім бляскам нагадвае маланку, «стралу».
Вось так, праз гульню, песні і старадаўнія рытуалы, жыхары Веткаўшчыны сустракаюць лета і просяць у зямлі шчодрасці. Тэкст і фота: Замарока К.А.


