Областной праздник духовых оркестров «Фанфары Гомельщины»

Духавыя аркестры прымушаюць спяваць душу, пранікаюць у самыя таемныя куткі сэрца. Ва ўсіх краінах духавыя аркестры выконваюць дзяржаўныя гімны, менавіта духавая музыка гучыць падчас парадаў, дэманстрацый, мітынгаў на вуліцах і плошчах, у парках і на стадыёнах падчас правядзення культурных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, народных гулянняў.

Сёння Рэспубліка Беларусь адна з краін, дзе духавая музыка займае ганаровае месца сярод іншых музычных жанраў. Менавіта гэтым абумоўлена правядзенне на Гомельшчыне абласнога свята духавых аркестраў «Фанфары Гомельшчыны». Арганізатары мерапрыемства – галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, установа «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці».

Мэты правядзення свята – развіццё і папулярызацыя духавой музыкі, павышэнне выканаўчага майстэрства аматарскіх музыкантаў, узбагачэнне рэпертуару лепшымі ўзорамі беларускага мастацтва. Абласное свята духавых аркестраў «Фанфары Гомельшчыны» праходзіць раз у два гады, пачынаючы з 2000 года.

У абласным свяце ўдзельнічаюць духавыя аркестры раённых і гарадскіх дамоў, цэнтраў культуры, дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ і дамоў дзіцячай творчасці, ведамасных і прафсаюзных палацаў і дамоў культуры.

Падчас свята калектывы паказваюць высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, раскрыццё музычна-вобразнага зместу твораў, мастацка-выразнае рашэнне праграмы. Кожны калектыў імкнецца паказаць свой характар, свае адметныя якасці.