28 верасня у Гомелі прайшоў абласны фестываль аматарскай творчасці інвалідаў па зроку. Фестываль «Натхненне» аб’яднаў калектывы мастацкай творчасці і індывідуальных выканаўцаў грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыствы інвалідаў па зроку» раёнаў вобласці.
Фестываль праводзіўся з мэтай стымулявання развіцця творчасці інвалідаў, як аднаго з важных і эфектыўных спосабаў рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Са сцэны гучалі эстрадныя і народныя матывы, удзельнікі цешылі сольнымі выступленнямі, запальнымі танцамі, мастацкім чытаннем і вершамі ўласнага сачынення.
Кожны год фестываль адкрывае новыя таленты. Дэбютантамі фестывалю-2023 сталі: Лілія Гетамнава, Гомель; Святлана Новікава, Светлагорск; Дар’я Бічыкава, Мазыр.
Творчымі нумарамі парадавалі навучэнцы ДУА «Васілевіцкая спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку».
Як адзначыў у прывітальным слове старшыня абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» Аляксандр Балдуеў, людзі з абмежаванымі магчымасцямі не абмежаваны ў талентах.
Па традыцыі ў рамках фестывалю прайшла выстава дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
Урачыстая атмасфера свята, любімыя песні і душэўная абстаноўка не пакінулі нікога абыякавым. Усе ўдзельнікі былі адзначаны дыпломамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі. Абласны фестываль лбдзей з інваліднасцю па зроку штогод даказвае, што няма нічога немагчымага і для сапраўднага мастацтва няма межаў.