СУГЛОБ Таццяна Паўлаўна
Ткацтва, аг. Неглюбка, Веткаўскі раён
СУГЛОБ Таццяна Паўлаўна
1970 г.н.
аг. Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці
Таццяна Паўлаўна Суглоб нарадзілася ў 1970 г. ў аг. Неглюбка. неглюбская майстрыха валодае ўсімі традыцыйнымі тэхнікамі ткацтва (пераборнае, шматнітовае, бранае). З маленства далучалася да працэсу наладжвання кроснаў. Прафесійны шлях ткачыхі пачала ў неглюбскім філіяле Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў «Любна». Дзейнасць у сферы культуры пачала ў 2013 годзе ў Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва кіраўніком дзіцячага гуртка ткацтва «Ніток». Таццяна Паўлаўна ўнесла значны ўклад у дзейнасць па вывучэнні, захаванні і распаўсюджванні традыцыйнага неглюбскага ткацтва. Сумесна з іншымі майстрамі ўдзельнічала ў рэканструкцыі традыцыйных жаночых строяў Неглюбкі з улікам сацыяльна-узроставай дыферэнцыяцыі, традыцыйных жаночых упрыгожванняў. У сваёй працы захоўвае і перадае веды аб этапах вырабу тэкстылю (у тым ліку разлік колькасці асновы, снаванне, «даенне касы», накіданне і наладжванне кроснаў – «ладзіць кросны», ткацтва, выраб махроў і інш.), традыцыйнай сістэме арнаментаў і тэхніках ткацтва (пераборная, шматнітовая, браная), выкарыстоўванні ў працы традыцыйных прылад. Таццяна Паўлаўна з’яўляецца пастаянным удзельнікам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, кірмашоў, форумаў.