Абласное свята сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці»

У чарговы раз на гасціннай Рэчыцкай зямлі Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці арганізаваў цудоўнае свята, якое 27 мая ў Рэчыцы сабрала разам самабытныя, цікавыя сямейныя калектывы, апантаныя творчасцю, з’яднаныя не толькі сямейнымі зносінамі, але і любоўю да  музыкі, песні. Яны на сваім прыкладзе паказваюць нашчадкам, як трэба любіць свой край, як падтрымліваюць традыцыі і звычаі продкаў, захоўваюць і развіваюць традыцыі сямейнай мастацкай творчасці.

Тут людзей  аб’ядноўвае не толькі жаданне тварыць, займацца мастацтвам, радаваць слухачоў і гледачоў сваімі поспехамі, але галоўнае – рабіць гэта разам, усёй сям’ёй.

Прэзентуючы сваю сям’ю вершамі і песнямі, удзельнікі паказалі фірмовыя напоі і стравы, пекарскае майстэрства, пазнаёмілі з кулінарнымі традыцыямі сваёй сям’і.

Уразілі багаццем і разнастайнасцю вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці: саломапляценне, вязанне кручком, вышыўка (іконы, рушнікі).

Канцэртныя выступленні былі не менш разнастайныя. На конкурсе было прадстаўлена песеннае, тэатральнае, харэграфічнае, інструментальнае  аматарскае майстэрства.

Конкурсныя выступленні праводзіліся па наступных намінацыях: сямейная аматарская творчасць, сямейная традыцыя, сямейныя захапленні.

Улічваючы выканаўчы ўзровень, сцэнічную культуру, накіраванасць выступленняў, мастацкі ўзровень вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, наяўнасць сямейных традыцый, журы падвяло вынікі і  вызначыла пераможцаў у кожнай з трох намінацый. Таксама ў рамках мерапрыемства праходзіў абласны конкурс гульнёвых праграм «Зажигай-ка», у якім прымалі ўдзел культарганізатары з усіх раёнаў Гомельскай вобласці. Мэта культарганізатараў у тым, каб дзеці навучыліся прыгожа і з карысцю праводзіць свой вольны час, сябраваць, каб гульня прыносіла не толькі добры настрой, радасць і смех, але і падавала ўрок. І ў іх усё гэта атрымалася!