
6 мая 2023 года ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна адзначалі свята Юр’я (у праваслаўнай хрысціянскай традыцыі – Дзень святога Георгія Перамоганосцы). Свята Юр’я звязана з аглядам азімага жыта і ўключае ў сябе абрадавыя дзеянні для ўрадлівасці зямлі і дабрабыту людзей. Раней абрад праводзілі дзяўчаты, зараз яго захоўваюць сталыя жанчыны – удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Міжрэчча» філіяла «Пагосцкі клуб-бібліятэка» ДУК «Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва». Да абраду запрашаюць і дзяцей, падлеткаў, маладых жанчын, мужчын.
Асноўныя абрадавыя дзеянні свята – гэта выраб і ўпрыгожванне абрадавага хлеба-«карагода», шэсце па вёсцы з зоркай, абразом, граблямі, на якіх начэплены фартух, абрадавымі хлебам-«карагодам» і рушніком, ваджэнне карагодаў на полі, абыход двароў з ваджэннем карагодаў. Завяршаюць святочны дзень самабытныя карагоды, танцы і гульні, якія доўжацца да позняга вечара.
Абрад «Юраўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна – адзін з аўтэнтычных абрадаў вясновага цыкла з выдатнымі ўзорамі старажытных карагодаў і песень, адметнымі матэрыяльнымі праявамі рэгіянальнай культуры – маляўнічым народным касцюмам і абрадавым хлебам (караваем). Таксама называецца «Тураўскі карагод», бо пашыраны менавіта на Тураўшчыне. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны першым у краіне сярод нематэрыяльных каштоўнасцей – у 2004 годзе. У Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які мае патрэбу ў тэрміновай ахове (ЮНЕСКА), знаходзіцца з 2019 года.
Фота: Драздова В.А.



