
22 красавіка 2023 г. у г. Калінкавічы Гомельскай вобласці ўстанова «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» правядзе заключныя мерапрыемствы адкрытага свята народных традыцый «Крыніцы-Фэст», якое арганізуецца ўпершыню і прысвечана 20-й гадавіне Міжнароднай канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г. (ЮНЕСКА) і 85-годдзю са дня ўтварэння Гомельскай вобласці.
Гасцям свята на адкрытай выставе выданняў па народных традыцыях «Ключы-Фэст» будзе прадстаўлена метадычная, навуковая і папулярная літаратура па народнай спадчыне рэгіёнаў Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцей. Больш за 50 конкурсных выступленняў пакажуць удзельнікі заключнага тура адкрытага конкурсу фальклору «Фолк-Фэст» з Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей і горада Мінска, якія будуць змагацца паміж сабой у намінацыях «спевы», «прыпеўкі», «танцы, скокі», «гульні», «інструментальная музыка», «творы народнай прозы». 61 танцавальная пара з 11 раёнаў Гомельскай вобласці і горада Гомеля прыме ўдзел у заключным туры ХІ абласнога конкурсу выканаўцаў народных бытавых танцаў «Танц-Фэст «Вытокі», новаўвядзенне якога – спецыяльная катэгорыя для пераможцаў папярэдніх конкурсаў. Агульная колькасць удзельнікаў заключных мерапрыемстваў адкрытага свята народных традыцый «Крыніцы-Фэст» – больш за 350 чалавек ва ўзросце ад 7 да 86 год.
Пачатак свята ў 10:30 у дзяржаўнай установе культуры «Калінкавіцкі раённы дом культуры» па адрасе: г. Калінкавічы, плошча Леніна, 4.
Уваход вольны!