35-годдзе творчай дзейнасці адзначыў народны фальклорны ансамбль «Крынічанька» ДУК «Светлагорскі дом культуры энергетыкаў»

29 студзеня 2023 года ў ДУК «Светлагорскі дом культуры энергетыкаў» пры поўным аншлагу адбыўся канцэрт да 35-годдзя творчай дзейнасці народнага фальклорнага ансамбля «Крынічанька».

З 1987 года калектыў плённа папулярызуе фальклорную спадчыну Светлагорскай зямлі. З 2004 года ансамбль заслужана носіць ганаровае найменне «народны», бо ўносіць сапраўды значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці і папулярызацыю беларускіх нацыянальных культурных традыцый.

Ад старэйшых жыхароў, удзельнікаў калектыву перанятыя найлепшыя ўзоры мясцовага фальклору – каляндарныя і сямейныя абрадавыя і пазаабрадавыя песні, інструментальная музыка.

Высокі творчы ўзровень калектыў пад кіраўніцтвам Сяргея Аляксеевіча Ерашэнкі пастаянна пацвярджае актыўнай канцэртнай дзейнасцю, удзелам у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах. Яго творчасць высока ацэньваюць госці фестываляў і свят як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.

Калектыў установы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» шчыра дзякуе ўдзельнікам народнага фальклорнага ансамбля «Крынічанька» за цудоўнае фальклорнае мастацтва, непаўторны каларыт, самабытнае майстэрства і жадае любові і павагі гледачоў, творчага даўгалецця і багатага плёну на ніве культурнай спадчыны беларускага народа!

Фота: І.В.Глушэц