Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Дзмітрыеўна Сафрановіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла выданне «Народныя майстры Беларусі» Казлоўскаму Валерыю Пятровічу.
Валерый Пятровіч – народны майстар Беларусі, займаецца разьбой па дрэве.
Ён працуе з рознымі матэрыяламі: дрэвам, гранітам, мармурам, і яго тэхніка за шматгадовую творчую дзейнасць выявіла характэрную аўтарскую непаўторную асаблівасць. Валерый Пятровіч узнагароджаны шматлікімі рэспубліканскімі і міжнароднымі граматамі і дыпломамі. Ён пастаянны
ўдзельнік гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выстаў, рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў. З 2003 г. член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
У зборніку «Народныя майстры Беларусі» змешчаны творчыя біяграфіі сучасных прадстаўнікоў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных мастацкіх рамёстваў і промыслаў, якім прысвоены ганаровы статус «народны майстар», у тым ліку 11 артыкулаў аб гомельскіх майстрах. Гэтае навукова-папулярнае выданне падрыхтавана Дзяржаўнай установай культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» паводле падпраграмы «Мастацтва і творчасць» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016-2020 гг. Немалаважнае і тое, што аўтарам большасці артыкулаў пра народных майстроў Гомельскага рэгіёну з’яўляецца метадыст па народных промыслах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, адна з вядомых і таленавітых майстроў Гомеля, народны майстар Беларусі Тамара Аляксандраўна Самойленка.