6 снежня ва ўстанове «Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і вольнага часу» прайшоў прагляд спецыяльнай камісіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь канцэртнай праграмы Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай песні «Скарыначка». Заснавальнікам і бяссменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Віктар Аляксандравіч Кавалёў.
Аснову канцэртнай праграмы склалі кампазіцыі беларускіх аўтараў, апрацоўкі беларускіх народных музычных твораў. Пад час выступлення артысты паказалі прыгажосць і меладычнасць беларускай песні. Асаблівае ўражанне засталося пасля выступу салісткі Святланы Чыкінай, гарманіста Андрэя Федзяя, якія напоўнілі глядзельную залу энергіяй аптымізму і радасці. Выступленне калектыву атрымала жывы водгук у сэрцах гледачоў, якія спявалі і танчылі разам з артыстамі.
Члены камісіі пад кіраўніцтвам намесніка начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Слесарчыка Дзмітрыя Леанідавіча адзначылі высокае выканаўчае майстэрства і вакальную культуру калектыву і аднагалосна вырашылі, што народны ансамбль народнай песні «Скарыначка» варты пацверджання ганаровага звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».