СІЛКОЎ Васіль Рыгоравіч
Разьба па дрэве, г. Гомель
СІЛКОЎ Васіль Рыгоравіч
1954 г.н.
г. Гомель
Нарадзіўся ў вёсцы Майскае Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча працаваў на Жлобінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў разьбяром па дрэве. Потым скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, зараз выкладае выяўленчае мастацтва ў Гомельскай сярэдняй школе № 19 з архітэктурна-мастацкім накірункам. Васіль Сілкоў у дасканаласці валодае ўсімі відамі мастацкай апрацоўкі дрэва, ад геаметрычнай разьбы і да манументальнай скульптуры. Добра вядомыя праразныя вазы Васіля Рыгоравіча, якія з’яўляюцца яго ўласным брэндам. Кожная ваза – непаўторны твор мастацтва, у якім спалучаюцца стылізацыя, вобразнасць, філасофская думка і бездакорны густ. Творы нясуць, акрамя эстэтычнай, галоўнае – сэнсавую нагрузку. Яны быццам прапануюць спыніць наш «бег» і задумацца, пачуць мелодыю Палесся, убачыць прыгажосць лістоты, што ападае, палёт жураўля. Усё дасканала вытанчана і самабытна. Васіля натхняе прыгажосць жанчыны, роднай зямлі, творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Таму ім створаны шмат вобразаў, блізкіх кожнаму беларусу, якія адлюстроўваюць гісторыю нашага народа, роднай зямлі. Асабліва трэба адзначыць кампазіцыі «Дзядзька-кухар», «Сымон-музыка», «Мелодыя купальскай ночы», «Дзяўчына з Палесся». Васіль Рыгоравіч – актыўны ўдзельнік шматлікіх абласных, рэспубліканскіх, міжнародных святаў, выстаў і фестываляў, а таксама рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў разьбяроў-манументалістаў. Ён мае безліч грамат, дыпломаў, падзяк. Творы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Італіі, Францыі, Германіі і інш. У 2001 г. Васіль Сілкоў прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Тэкст: Тамара Самойленка