
ДАБРАНСКАЯ Ірына Уладзіміраўна
Саломапляценне, г.п. Акцябрскі, Акцябрскі раён.

ДАБРАНСКАЯ Ірына Уладзіміраўна
1983 г.н.
г.п. Акцябрскі, Гомельская вобласць
Дабранская Ірына Уладзіміраўна нарадзілася ў 1983 годзе. З’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці з 2020 года. Скончыла Бабруйскі мастацкі каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыяльнасці «Вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі» ў 2002 годзе. Падчас навучання захапілася саломапляценнем, самастойна асвойвала тэхнікі і стварала першыя вырабы.
У сваёй творчасці майстар выкарыстоўвае розныя тэхнікі саломапляцення і аплікацыі, працуе з глінай на ганчарным крузе, ужывае глазураванне, роспіс і іншыя спосабы апрацоўкі. Стварае панно, лялькі, галаўныя ўборы, ўпрыгожванні, традыцыйныя канструкцыі «павук», а таксама керамічныя абярэгі і сувенірныя вырабы. Яе працы адрозніваюцца індывідуальным стылем і гарманічным спалучэннем саломкі і гліны.
Вырабы Ірыны Уладзіміраўны прадстаўляюцца на шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, фестывалях і кірмашах, выкарыстоўваюцца ў якасці сувеніраў для замежных гасцей.
Майстар актыўна перадае свае веды дзецям і падлеткам, праводзіць майстар-класы, творчыя заняткі, спрыяе захаванню і папулярызацыі народных рамёстваў. Яе вучні ўдзельнічаюць у конкурсах і выставах, атрымліваюць узнагароды.
За сваю дзейнасць Дабранская Ірына Уладзіміраўна неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі, граматамі і падзякамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню за высокі прафесіяналізм, уклад у развіццё і захаванне традыцыйнай культуры.