«Верас» — заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь

28 лістапада 2024 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Дзіцячая школа мастацтваў № 5 г. Гомеля» прайшоў прагляд спецыяльнай камісіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь канцэртнай праграмы Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народных інструментаў «Верас» (кіраўнік Яўгеній Глушань).

Аснову канцэртнай праграмы склалі кампазіцыі рускіх, беларускіх аўтараў, апрацоўкі сучасных музычных твораў. Пад час выступлення артысты паказалі прыгажосць і меладычнасць інструментальнай музыкі. Асаблівае ўражанне засталося пасля выступу салістаў Андрэя Масквіціна, Анастасіі Стральцовай, баяніста Дзмітрыя Курачэка, якія напоўнілі глядзельную залу энергіяй, аптымізмам і радасцю. Выступленне калектыву атрымала жывы водгук у сэрцах гледачоў.

Члены камісіі пад кіраўніцтвам намесніка начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Леанідавіча Слесарчыка адзначылі высокае выканаўчае майстэрства і інструментальную культуру калектыву і аднагалосна вырашылі, што народны ансамбль народных інструментаў «Верас» варты пацверджання ганаровага звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».