На другі дзень Вялікадня, 6 мая, традыцыйна адбыўся абрад ваджэння Сулы ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Сёлета споўнілася 5 год, як традыцыя ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Упершыню з часу перапынення абраду савецкімі ўладамі ў 1967 годзе і яго аднаўлення мясцовымі жыхарамі ў 2007 годзе абрад аднавіў свой гістарычны шлях – канцавая кропка была не ў цэнтры Маркавіч каля мясцовага сельскага дома культуры, а на краі вёскі, каля помніка загінуўшым пад час Вялікай Айчыннай вайны. Па шляху Сулы з Гадзічава ў Маркавічы мясцовыя жыхары некалькі разоў перапынялі яе сталамі, накрытымі велікоднымі прысмакамі – паскамі, фарбаванымі яйкамі, хатнімі каўбасамі і іншым. Традыцыйнае частаванне таксама чакала ўсіх напрыканцы свята.
Да мясцовых завадатараў абраду далучыліся сябры і родныя, госці з абласнога цэнтра, іншых населеных пунктаў Гомельскага раёна. Аматарскія калектывы Цэнтра культуры Гомельскага раёна і яго філіялаў пасля ўдзелу ў рытуальным абыходзе вёсак Гадзічава і Маркавічы павіншавалі ўдзельнікаў абраду і іншых мясцовых жыхароў сваімі святочнымі творчымі праграмамі.
Тэкст, фота: І. Глушэц.