
Супрацоўнікамі дзяржаўнай установы «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» сумесна з носьбітамі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў красавіку гэтага года праведзены дзень добраўпарадкавання тэрыторый каля каменных крыжоў – «каменных дзевачак» ля вёсак Баравое і Данілевічы.
Мясцовыя жыхары шануюць гэтыя камяні, турбуюцца пра іх, як пра жывых дзяўчынак, ахоўваюць, прыбіраюць і шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу. Напярэдадні Вялікадня у адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі носьбіты правялі аброчны рытуал. Камяні «пераапранулі»: у перадвелікодную Вялікую суботу знялі і спалілі старое «адзенне», пакінулі мінімум яго на велікодную ноч, а раніцай святочнага дня прынеслі новыя аброкі – фартушкі, хустачкі, пачастункі.
Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе. Яна належыць да так званых аброчных рытуалаў, якія здзяйсняюцца шляхам прынясення аброку сакральным месцам ці аб’ектам, у дадзеным выпадку – каменным крыжам.
Гісторыю гэтых каменных крыжоў расказвае мясцовая легенда, што на працягу доўгага часу перадаецца ад пакалення да пакалення. Раней на месцах, дзе сёння знаходзяцца «каменныя дзевачкі», былі палі, на якіх разам з дарослымі працавалі і дзеці. Адна жанчына са сваёй дачкой-падлеткам Евай (ці Ленай, Марыяй) жала жыта. Раптам на небе з’явілася вялікая чорная хмара. На матчын загад хутчэй збіраць снапы дзяўчынка адказала, што вельмі стамілася. Тады маці ў гневе крыкнула: «А каб ты каменем стала!». У той жа час грымнуў гром і бліснула маланка, а калі неба праяснілася, жанчына ўбачыла, што на тым месцы, дзе была яе дачка, стаіць камень.
Фота: ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»

