Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама 8-14 жніўня правёў абласны конкурс-пленэр драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна» у рамках VII Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». У арганізацыі мерапрыемства дзейсную дапамогу аказаў ГПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі».
У складзе журы конкурсу-пленэру былі: старшыня Гомельскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў», член Беларускага саюза дызайнераў, кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва «Чистый лист» Цэнтра дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна г.Гомеля, старшыня журы Андрасюк І.В.; дырэктар ДУА «Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў г. Гомеля», народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Осіпаў У.А.; тэатральны мастак, член Гомельскага аддзялення ГА «Беларускі саюз мастакоў» Ціханаў У.А.; метадыст па народных промыслах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Самойленка Т.А.
У гэтым годзе крыніцай натхнення майстроў, удзельнікаў конкурсу-пленэру, стала нацыянальная матэрыяльная і нематэрыяльная культурная спадчына, у тым ліку 14 нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі ў намінацыях:
«за захаванне і творчае развіццё традыцый разьбы па дрэве» – Давыдаў В.І. (абрад гукання вясны «Чырачка»);
«за ўвасабленне нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў разьбе па дрэве» – Мінкоў В.Л. (традыцыя пакланення каменным крыжам «Каменныя дзевачкі»);
«за прыгажосць скульптурнага вобразу» – Долічаў С.Ц. (мастацкія практыкі саломапляцення);
«за высокі мастацкі ўзровень твора» – Казлоўскі В.П. (вясновы абрад «Юраўскі карагод» («Юр’е»);
«за арыгінальнасць і навізну ўвасаблення ідэі» – Расолаў В.А. (абрад «Ваджэнне Сулы» на другі дзень Вялікадня);
«за высокі ўзровень майстэрства разьбы па дрэве» – Зера А.В. (спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі);
«за лаканізм і выразнасць твора» – Сілкоў В.Р. (абрад «Провады русалкі»);
«дэбют маладога майстра» – Мінкоў Р.В. (культура бортніцтва).
На закрыцці конкурсу-пленэру выступілі дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Дзмітрыеўна Сафрановіч, намеснік генеральнага дырэктара «Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» Святлана Іванаўна Швец. З нагоды падвядзееня творчых вынікаў конкурсу-пленэру Святлана Іванаўна падарыла майстрам выданне «Моё Полесье» (аўтар – С. Бамбіза). У мерапрыемстве прыняў ўдзел адзін з самых знакамітых калектываў Гомельскага рэгіёну – народны ансамбль песні, музыкі і танца «Лявоніха» ДУК «Капаткевіцкі гарадскі дом культуры».
Удзельнікі цырымоніі закрыцця конкурсу-пленэру наведалі ў аг. Ляскавічы турыстычны аб’ект «Музей прыроды». З работамі пераможцаў конкурсу-пленэру можна будзе пазнаёміцца на VII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які пройдзе 20 жніўня 2022 года ў н.п. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.