Абласны конкурс на лепшую пастаноўку работы па развіццю традыцыйных рамёстваў «Ад спадчыны да сучаснасці»

Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці ўпершыню правёў абласны конкурс на лепшую пастаноўку работы па развіццю традыцыйных рамёстваў «Ад спадчыны да сучаснасці».

Асноўныя мэты конкурсу – выяўленне, захаванне, развіццё і трансляцыя нацыянальных традыцый творчасці, паглыбленне ведаў гістарычных асаблівасцей рамеснай творчасці рэгіёнаў Гомельскай вобласці, падтрымка і заахвочванне майстроў, якія займаюцца развіццём і ўвядзеннем традыцыйных рамёстваў у сучаснае жыццё.

Крытэрыямі ацэнкі работы ўстаноў культуры сталі асноўныя паказчыкі дзейнасці ўстаноў культуры раёна за 2020-2021 гг. і першы квартал 2022 г.; адпаведнасць напрамкаў дзейнасці традыцыям рэгіёна; разнастайнасць формаў працы для прыцягнення розных груп насельніцтва да заняткаў рамёствамі; арыгінальнасць і навізна формаў папулярызацыі традыцый рэгіёну; трансляцыя традыцыйнай народнай культуры праз выданні, сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт рэсурсы (наяўнасць сайта, старонкі ў сацыяльных сетках); удзел у рэспубліканскіх, рэгіянальных, абласных конкурсах і мерапрыемствах.

У конкурсе прынялі ўдзел 18 устаноў культуры Гомельскай вобласці, якія займаюцца актыўным развіццём аўтэнтычных рамёстваў беларусаў.

У рамках абласнога конкурсу была ўведзена намінацыя «Новае жыццё рамяства», якая прадугледжвае майстар-клас па вырабе і выставу вырабаў адроджанага рамяства. У дадзенай намінацыі ўдзельнічалі 7 устаноў культуры рэгіёну.

Журы вызначыла пераможцаў. Назвы лепшых устаноў культуры будуць названы 4 верасня ў межах XXIX Дня беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе будзе праходзіць у Добрушы. Запрашаем на свята, дзе ўсе жадаючыя могуць пазнаёміцца з выставай традыцыйных рамёстваў «Ад спадчыны да сучаснасці»!

Фота з архіва Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.