Абласны конкурс-пленэр драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна»

Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама 8-14 жніўня праводзіць абласны конкурс-пленэр драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна» у рамках VII Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».

Разьба па дрэву – адзін з найбольш старажытных і распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пластыка дрэва, што ўдасканальваецца фантазіяй і майстэрствам разьбяроў, дазваляюць майстрам ствараць незвычайныя кампазіцыі і творы. Менавіта з мэтай захавання і папулярызацыі традыцый разьбы па дрэве праходзіць абласны конкурс-пленэр драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна».

У гэтым годзе крыніцай натхнення майстроў, удзельнікаў конкурсу-пленэру, стала нацыянальная матэрыяльная і нематэрыяльная культурная спадчына, у тым ліку 14 нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сюжэтамі для конкурсных работы сталі культура бортніцтва (Мінкоў В.Л.), вясновы абрад «Юраўскі карагод» («Юр’е») (Казлоўскі В.П.), абрад гукання вясны «Чырачка» (Давыдаў В.І.), абрад «Провады русалкі» (Сілкоў В.Р.), мастацкія практыкі саломапляцення (Долічаў С.Ц.), спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі (Зера А.В.), традыцыя пакланення каменным крыжам «Каменныя дзевачкі» (Мінкоў Р.В.), мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам (Расолаў В.А.).

На адкрыцці конкурсу-пленэру з прывітальным словам выступілі дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Дзмітрыеўна Сафрановіч, намеснік генеральнага дырэктара «Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» Святлана Іванаўна Швец. З нагоды адкрыцця абласнога конкурсу-пленэру народным майстрам Беларусі Васілём Рыгоравічам Сілковым была зроблена сімвалічная зарубка. У мерапрыемстве прыняў ўдзел адзін з самых знакамітых калектываў Гомельскага рэгіёну – народны ансамбль песні, музыкі і танца «Лявоніха» ДУК «Капаткевіцкі гарадскі дом культуры».

Па добрай традыцыі скульптуры, што выконваюцца майстрамі па агульнай тэме, застаюцца ўпрыгожваць паркавае асяроддзе той мясцовасці, дзе праходзіць конкурс.

З работамі пераможцаў конкурсу-пленэру можна будзе пазнаёміцца на VII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які пройдзе 20 жніўня 2022 года ў н.п. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.