З фальклорнага архіва ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Запісана з улікам моўных асаблівасцей носьбітаў – фальклорна-абрадавай традыцыі; песеннага і гульнявога фальклору ў 2000 годзе.

Свята Благавешчанне адзначаецца ў народным календары штогод 7 красавіка. Назва свята паходзіць ад словазлучэння «благая (г. зн. добрая, шчаслівая, радасная) вестка» і звязваецца з агульнавядомым хрысціянскім сюжэтам аб цудоўным зачацці сына Божага – Ісуса Хрыста.

Свята Благавешчанне ў вёсках Старая Бярозаўка і Новая Бярозаўка Калінкавіцкага раёна

«Бусел ляціць, вясну нясе!»

Запісала ўраджэнка в.Новая Бярозаўка Калінкавіцкага раёна Паліна Паўлаўна Лапацік, 1959 г.н., мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага калектыва «Бярозаўскія пералівы» філіяла «Бярозаўскі сельскі дом культуры» ДУК «Калінкавіцкі раённы дом культуры» ад ураджэнак в. Старая Бярозаўка Калінкавіцкага раёна Васіліны Сцяпанаўны Богдан 1922 г.н., Еўдакіі Фёдараўны Багдановіч, 1928 г.н.; в. Новая Бярозаўка Калінкавіцкага раёна Ніны Канстанцінаўны Цырулік, 1942 г.н., Лідзіі Рыгораўны Бельскай, 1938 г.н.

У нашых деревнях Старая і Новая Бярозаўка на Благавешчанне гукалі вясну. У гэты дзень, лічылася, прылятаў бусел. У нас так гаварылі: «Бусел ляціць, вясну нясе!».

Адзначаецца Благавешчанне заўсёды сёмага красавіка. Яшчэ людзі кажуць: «На Благавешчанне дзеўка касу не пляце, птушка гняздо не ў’е, курыца яйка не нясе».

У гэты дзень пасля царквы, выходзілі на вуліцу і старыя і малыя, асабліва моладзь і заклікалі карагодамі і прыгаворкамі, збіраліся разам на свята і спявалі:

Ой, скакаў верабей на баку,

Ды збіраў верабей талаку, талаку,

Мала нас, мала нас,

Ой, ты дзевачка, ой, ты красная,

Пойдзем да нас!

Усіх запрашалі да свайго гурта. І бяручы пад рукі адзін аднаго, займаючы ўсю вуліцу, спеючы, ішлі далей, запрашаючы ўсё больш і больш жадаючых. Ішлі аж да перакрэснай дарогі. І тут, на скрыжаванні дарог, з усіх вёсак, якія побач з Бярозаўкай, на ўзгорку, заўсёды наладжвалася свята. Калі выходзіў самы старэйшы і самы маладзейшы жыхар вёскі на круг, жанчыны і дзяўчаты вадзілі карагодную песню: «Ой, пасею я укроп». У якой праслаўлялі сады і агароды, маладога і старога гаспадара.

Далей, ідучы з карагоднымі песнямі ўздоўж вуліцы, збіраўся дзіцячы круг, дзе гучаў карагод «Ой, на гары мак, а ў даліне так, так». Запальвалі вогнішча. Свята прадаўжалася аж да самай цемнаты, бо з гэтага часу ўсё рушыла, а заспяваць у гэты дзень трэба было для таго, каб адвесці гром ды маланку ад деревні, каб ніякай бяды не адбылося.

Маладыя жартавалі: Вясна, вясна! Што ты нам прынясла?

Дзеўкам – узросту, а хлопцам – каросту!

Дзеўкі смяюцца, а хлопцы ні скрабуцца!

Многія павер’і ў вёсцы былі звязаны з гаспадаркай. На Благавешчанне, каб куры бегалі толькі па свайму агароду і неслі яйкі на свой двор, на сваіх гнёздах, трэба было да ўсходу сонца абегчы тройчы вакол хлява, злавіць куру, ды прыгаварываць:

Ой, дай жа, Божачка,

Каб як гэты хлеў стаіць,

Так мае курачкі ў дварэ сядзелі:

У ні свае, ні ў чужыя агароды не глядзелі.

Патрэбна было на Благавешчанне выпускаць жывёлу на «шчыкавіцу», падыхаць свежым весновым паветрам.

Да Благавешчання забаранялася гаспадарам рабіць новаю агароджу, ці пачынаць ворыва. Таму што, калі хто гэта рабіў, магла быць засуха і бясплоднасць.

З думкамі аб добрым ураджаі былі звязаны і назіранні за падвор’ем у гэты дзень:

  • Калі на Благавешчанне сонейка ззяе – марозная восень будзе.
  • А калі дожджык накрапывае – гэта да ўраджайнай нівы.
  • Калі на Благавешчанне снег ішоў – лета будзе мокрае, з дажджамі.
  • А калі сухое – засуха паграджае ўлетку.
  • Якое Благавешчанне, такі і Вялікдзень.
  • Да Благавешчання зіму не лай, а сані яшчэ трымай. Усяго бывае.
  • З Благавешчанскага цяляці каровы не чакаці.

І ў наш час колішнюю традыцыю гукання вясны на Благавешчанне падтрымліваюць жыхары вёсак – Старая і Новая Бярозаўка. Сярод якіх людзі сталага і маладого ўзросту, удзельнікі – народнага фальклорнага калектыва «Бярозаўскія пералівы» і фальклорнага дзіцячага ансамбля «Пацехі» філіяла «Бярозаўскі сельскі дом культуры» ДУК «Калінкавіцкі раённы дом культуры».

Гульня «Старыца» на другі дзень Благавешчання

Запісала ад Валянціны Ўладзіміраўны Берасневай, ураджэнкі г.п. Лоеў, 1934 г.н. былога культработніка Людміла Генадзьеўна Мельнікава, вядучы метадыст па народным традыцыям і абрадам установы «Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці»

У гэту гульню гулялі на другі дзень Благавешчання ў гарадскім пасёлку Лоеў, у раёне былога саўгаса, дзе кампактна пражывалі украінцы (гадоў СССР, трэба заўважыць, што Лоеў знаходзіцца на мяжы з Ўкраінай).

Галоўны тыпаж гульні – старыца (маладая жанчына) і старац, (яе малады муж). Пайшоў ён з катомачкай на палке за плячыма ў Кіеў Богу маліцца. А старыцы – жонке, наказаў з-за раўнавання дома сядзець і Богу маліцца. Таму ў гэты час старыца ў хаце сядзела, а на вуліцы ўсе гулялі. Старыца не вытрымала і выйшла пагуляць. На вуліцы яна сустрэла куму. Паміж імі завязалася гаворка:

– А дзе ж твой старац?

– Пайшоў у Кіеў Богу маліцца.

Пасля гэтага ўсе прысутныя пачынаюць спяваць, прытанцовывая:

– Ой, старац мой,

Выкамарац мой.

Ён у кельі сядзіць,

Ды ўсё моліцца,

А мне маладой

Гуляць хочыцца!

Гэты прыпеў спяваюць на працягу ўсёй гульні, прытанцовывая па крузе.

Потым ужо старыца пытае ў кумы:

– А дзе ж мой старац?

Кума ў адказ:

– У Любічы.

– А, ды я яшчэ натанцуюся

І наспяваюся і нагуляюся.

І зноў усе танцуюць. Старыца хвалюецца, што старац з’явіцца скора, таму зноў задае пытанне:

– Кума, кума, дзе ж мой старац?

– У Радулі, гуляй, яшчэ

Паспееш натанцаваціся,

Нагуляціся і наспяваціся

І зноў усе пяюць і танцуюць.

Старыца ў кумы зноў пытае:

– Кума, кума,

Ці далёка мой старац?

У адказ:

– Недалёка, ўжэ, на рэчцы,

Анучкі мые

Старыца хвалюецца, што яе старац з’явіцца скора. Пачынаецца дарэнне падарункаў старыцы. Колькі падарункаў, столькі і пажаданняў. Падарункі самыя розныя: хустка, каралі…і абавязкова ў канцы пярсцёнак на руку.

Людзі, якія робяць падарункі, наказваюць:

– Гэта табе за тое,

Што дапамагла

Мне дзіця глядзець,

Гэта табе за тое, што

Хату дапамагла бяліць,

Гэта табе за тое, што

Дапамагла агарод палоць…

Праходзіць час, і старыца вельмі задаволеная танцуе. У гэты час яе нечакана астанаўлівае старац, які ўжо вярнуўся. Ён пытае:

– Адкуль у цябе гэтыя падарункі?

І называе па асобку кожны з іх. У канцы ён гавора:

– Адкуль гэты пярсцёнак?

Старыца замешкалася, падумала, што муж будзе раўнаваць, і ўжо хацела адказаць, але не паспела. Ён агрэў яе палкай, а потым разагнаў усіх удзельнікаў гульні.

Складальнік: Л.Г.Мельнікава

На фота: свята Благавешчання ў філіяле «Бярозаўскі сельскі дом культуры»
ДУК «Калінкавіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», 7 красавіка 2022 года.

Фота В.Радзько