Старажытны абрад «Чырачка» жыхароў аграгарадка Тонеж Лельчыцкага раёна

Традыцыйнае свята «Чырачка» прысвечана прыходу вясны. Назва гэтага свята пайшла ад радаснай веснавой падзеі – прылёту птушак-чырачак з выраю. Праходзіць яно ў апошнюю нядзелю перад Велікодным пастом, на Масленіцу, з удзелам мясцовых жыхароў аграгарадка Тонеж. Штогод падтрымліваюць гэту старажытную фальклорна-абрадавую традыцыю ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Таняжанка», да якіх далучаецца дзіцячы фальклорны калектыў «Верасок» (філіяла «Тонежскі сельскі дом культуры» дзяржаўнай установы «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», загадчык – Тамара Іванаўна Прыбалавец).

Штогод мясцовыя гаспадыні ў сваіх хатах зранку замешвалі цеста і раскатвалі яго. Пасля выразалі з цеста пернікі ў выглядзе птушак-чырачак, каб пачаставаць іншых удзельнікаў і гасцей свята, а таксама правесці зіму і выклікаць хутчэйшы надыход вясны. І дарослыя і дзеці збіраліся ў Тонежскім доме культуры. Шмат людзей было і каля ўстановы культуры: хто прыходзіў пяшком, хто прыязжаў на машынах, а хто і нават на ваза́х, запрэжаных канямі.

Вясковыя дзеці ў доме культуры ўпрыгожвалі елку стужкамі і самаробнымі кветкамі пад абрадавую колішнюю песню «Як мы елачку радзілі», якую выконвалі дарослыя ўдзельніцы абраду.

Яшчэ ў гэты дзень у населеным пункце заведзена, што кожны каля сваёй хаты павінен умыцца талай вадзіцай, калі яна ёсць, даць яе хатняй жывёле, напаіць кароў, «шоб кароўка не балела». Гэта таксама своеасаблівы рытуал. Па словах мясцовых жыхароў, «бо та вада хороша, ад яе людзі не балеюць». Тонежцы кажуць недарма: «Калі хочыш быць здаровы, як рыжык баровы, то трэба ўмывацца талай вадзіцай».

Вясновая працэсія з песнямі накіроўвалася па аграгарадку з пудзілам зімы, елкай, печывам на Чарнічэўскія горы. Па шляху шэсця да яго далучаліся іншыя людзі. Пасля гэтага святочнае шэсце паднімалася ў гору, дзе маладыя ўдзельнікі абраду тройчы прасілі бласлаўлення ў старэйшых за сябе жанчын гукаць вясну: «Благаславіце, людзі добрыя, вясну-красну гукаці!». Потым моладзь заклікала: «Вясну-красну на вулачку, а зімачку ў каморачку!». Да вясны-красны звярталіся за цяплом, кветкамі, багатым ураджаем, прыплодам жывёлы, сямейным шчасцем. Удзельнікі абраду збіраліся ў карагод, у тры колы: у адным – дзеці, у другім – моладзь перадшлюбнага ўзросту, а ў трэцім – жанчыны сталага ўзросту. Усе вадзілі карагод і спявалі песню-вяснянку «Ой, гу, вясна, ой, гу, красна!». Пасля гэтага адбываўся дыялог паміж моладдзю і старэйшымі ўдзельнікамі свята. Потым яны зноў вадзілі карагоды, гулялі ў «Грушку», «Перапёлачку», «Яшчура», «Вароты», «Арынку». Хлопчыкі бралі пудзіла зімы і неслі яго на вогнішча. Далей было развітанне з елкай. Адзін хлопчык браў елку і бег да самага высокага дрэва на гары, на якое ён лез як мага вышэй, бліжэй да сонца. Там, на самым высокім месцы, ён уладкоўваў елку. Гэтым ён даваў усім прысутным знак, што вясна прыйшла!

Адным з яскравых момантаў абраду з’яўляецца «качанне з гары» – калі жанчыны рассцілалі дарожку, па якой усе жадаючыя скачваліся з гары, каб цэлы год не балелі ні рукі, ні ногі, ні спіна!

Напрыканцы дарослыя ўдзельніцы абраду рассцілалі на зямлі абрус, ставілі на яго традыцыйныя стравы: бліны, сыр, масла, яйкі, сала, яечню засмажаную, якая нагадвала па круглай форме і жоўтым колеры  сонца, і запрашалі ўсіх прысутных пачаставацца. Потым людзі разыходзіліся, каб зноў у наступным годзе гукаць вясну, звяртацца за цяплом, кветкамі, багатым ураджаем, прыплодам жывёлы, а таксама сямейным шчасцем.

Старажытны традыцыйны веснавы абрад «Чырачка» – адна з найбольш адметных з’яў беларускай народнай культуры. Таму невыпадкова ён мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Пяюць гармонікі ў аграгарадку Тонеж. А як жа ім не спяваць? Калі беларус спакон вякоў у будні і ў святы цягнуўся да вытокаў роднай культуры.

Тэкст: Л.Г.Мельнікава

Фота: С.І. Біркоўская