Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі
(аг. Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці)
Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі прэзентуецца песнямі аграгарадка Рычоў Жыткавіцкага раёна і з’яўляецца адным з лакальных песенных стыляў арэала Цэнтральнага Беларускага Палесся. Рэкамендаваны для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2014 годзе, статус нададзены ў 2016 годзе. Носьбіты спеўнага стылю – рычоўцы старэйшага і сярэдняга пакаленняў. Папулярызуюць мясцовыя спевы ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» філіяла «Рычоўскі цэнтр традыцыйнай культуры» ДУК «Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва».
Рычоўскія песні выконваюцца ў час разнастайных свят (у тым ліку шчадраванні на Стары Новы год, вяселлі), традыцыйных «бясед», а таксама на канцэртных выступленнях ансамбля «Дубравіца». Акрамя каляндарна-земляробчых песень (калядных, вясновых загукальных і карагодных), надзвычай багата прадстаўлены вясельныя песні, у тым ліку каравайныя.
Традыцыйна па-палеску спяваюцца каляндарна-абрадавыя, вясельныя і «лесавыя» песні. Апошнія выконваюць, калі ідуць у лес збіраць грыбы і ягады, калі грабуць сена, а іх сюжэты блізкія іншым пазаабрадавым песням – гэта песні пра каханне, цяжкае жыццё замужняй жанчыны, што жыве ўдалечыні ад родных. Пазаабрадавыя песні ў натуральным бытаванні часта выконваюцца ў застоллі, таму і вызначаюцца як «застольныя». Яны прадстаўляюць спевы з падводкай – адзін з самых складаных стыляў, што існуюць у беларускай спеўнай традыцыі. Ён характэрны для Палесся, а ў самых развітых формах – менавіта для цэнтральнай яго часткі.
Асаблівасцю рычоўскіх спеваў з’яўляецца захаванне традыцыі мужчынскага выканальніцтва: мужчыны спяваюць як разам з жанчынамі, так і асобна.
Працягвае традыцыю дзіцячы вакальны калектыў «Усмешка» – спадарожнік ансамбля «Дубравіца».
Рычоў «Раскапаю гору высокую». 2013
Народный фольклорный ансамбль «Дубравіца». 2022
НАПЕРАД У МІНУЛАЕ. Госця – Жанна Піваварава. Выпуск ад 20.09.2020, Беларусь 3, 15 дек. 2020 г.
Яблычны спас (в. Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці), Беларусь 3, 11 июн. 2021 г.