ЛЯШКОЎ Мікалай Міхайлавіч

Разьба па дрэве, г. Гомель

ЛЯШКОЎ Мікалай Міхайлавіч

1956 – 2022 гг.

аг. Жгунь Добрушскага раёна Гомельскай вобласці

Мікалай Ляшкоў нарадзіўся ў в. Дзям’янкі Добрушскага раёна. Вучыўся ў Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў, але праз два з паловай гады вучоба прыпынілася па прычыне развалу СССР. Мікалай з дзяцінства любіў маляваць і нават неаднаразова быў прызёрам розных конкурсаў. Працаваць з дрэвам давялося таксама рана, дапамагаючы свайму дзеду Васілю, які рабіў граблі, сякерышчы, санкі, ступы, карыты, лыжкі, плёў кошыкі, лапці, крыху бандарыў. Але асноўныя навыкі працы з дрэвам Мікалай пераняў усё ж ад свайго бацькі. Ён быў вядомым майстрам па вырабу ліштваў, аканіц, рознай дамавой разьбы, прадметаў побыту. Сваю працу выконваў вельмі акуратна, чаго патрабаваў і ад сына. Пасля службы ў войску працаваў мастаком-афарміцелем і сталяром. З-за аварыі на ЧАЭС перасяліўся ў в. Жгунь Добрушскага раёна, дзе працягваў сваю працоўную дзейнасць і актыўна займаўся традыцыйным рамяством разьбы па дрэве, найбольш драўлянай скульптурай і пано. Любімая тэматыка работ майстра – вобразы беларускага фальклору, асабліва казак і народнага гумару. Рабіў кухоннае начынне, садовыя дэкаратыўныя малыя формы і элементы дамавой разьбы. Кожны твор адрозніваецца сваім непаўторным стылем, самабытнасцю і высокай якасцю апрацоўкі. З 2002 года працаваў метадыстам-майстрам раённага цэнтра рамёстваў, дзе шчодра дзяліўся з моладдзю сакрэтамі свайго майстэрства. Разам з навучэнцамі развіваў і папулярызаваў традыцыі рамяства разьбы па дрэве. Работы майстра неаднаразова дэманстраваліся на абласных, рэспубліканскіх, замежных выстаўках. Мікалай Міхайлавіч –ўдзельнік і прызёр самых розных святаў, конкурсаў, фестываляў. У 2009 годзе прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Памёр майстар у 2022 г.

Тэкст: Тамара Самойленка