Абрад «Провады русалкі»

(в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці)

Абрад «Провады русалкі» вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна рэкамендаваны для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2013 годзе, занесены ў Спіс у 2016 годзе. Ён звязаны з заканчэннем святкавання Русальнага тыдня і штогод праводзіцца ў наступную нядзелю пасля Тройцы.

Да абраду далучаюцца практычна ўсе жыхары Вялікага Бору, якія з нецярпеннем і радасцю чакаюць провадаў русалкі. Прыязджаюць і жыхары навакольных вёсак і раённага цэнтра.

Удзельнікі традыцыйнага абраду апранаюцца ў святочнае адзенне, рыхтуюць кветкі, плятуць вянкі і пад абрадавыя песні ідуць ад цэнтра вёскі да поля праводзіць русалку, на ролю якой абіраюць прыгожую дзяўчыну. Русалку праганяюць у жыта, асвячаюць сарваную з яе зеляніну, водзяць карагоды і скачуць праз вогнішча, каб атрымаць ачышчэнне агнём.

Абрадавая дзея звязана са спецыяльнымі абрадавымі атрыбутамі: адным вялікім і мноствам малых вянкоў, якія «асвячаюць» над полымем. Вялікі вянок удзельнікі разрываюць і разбіраюць зеляніну з яго і з «адзення» русалкі, каб пакласці на агародах – для добрага ўраджаю.

Адноўлены жыхарамі і мясцовымі работнікамі культуры ў сярэдзіне 1990-х гадоў абрад «Провады русалкі» з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай, перадаецца ад пакалення да пакалення і прызнаецца мясцовай супольнасцю як каштоўнасць.

Абрад «Провады русалкі» вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці

Провады русалкі | ЖЫВАЯ СПАДЧЫНА

Абрад “Провады Русалкі”. Вёска Вялікі Бор Хойніцкага раёна